У вулічным тэатры «Вір» адбыўся ператрус — шукалі газу і не знайшлі

Вулічны тэатар «Вір» падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру. Менск, 25 сакавіка 2018 году

11-га красавіка Алена Ліпень, дырэктарка Цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт», на базе якога працуе вулічны тэатар «Вір», асабіста ўчыніла ператрус у памяшканьні для тэатральнага рэквізыту — нібыта шукала паліва, якое выкарыстоўваецца на агнявых шоў.

Пасьля ўдзелу ў сьвяткаваньні Дня Волі каля Опэрнага тэатру вулічнага тэатру «Вір», калі артысты на дыбах у яркіх строях раздавалі праграмкі і забаўлялі дзетак з бацькамі, у кіраўніцы калектыву Ганны Несьцеравай пачаліся праблемы. Яе кантракт пад пагрозай.

Ганна Несьцерава

Ганна Несьцерава расказала Свабодзе, што цягам трох тыдняў на ўсе заняткі тэатру «Вір», які працуе на базе менскай 35-й школы, прыходзяць прадстаўнікі адміністрацыі цэнтру, пэдантычна правяраюць усе дакумэнты, лічаць колькасьць людзей (хоць раней праверкі адбываліся раз на год). Нават у Вялікдзень 8 красавіка, за 15 хвілін да заканчэньня заняткаў, у 21.30 прыйшлі дырэктарка цэнтру і яе намесьніца.

А 11-га красавіка Алена Ліпень, якая прыйшла зь дзьвюма сваімі намесьніцамі — Сьвятланай Краўчук і Ірынай Барадай — асабіста зладзіла ператрус у памяшканьні для інвэнтару, якое адвяла школа № 35.

Перад самым пачаткам заняткаў, а 19-й гадзіне, спадарыня Ліпень запатрабавала паказаць усе рэчы, што былі ў кладоўцы, расказала кіраўніца тэатру Ганна Несьцерава.

«У маленькім памяшканьні захоўваецца рэквізыт — дыбы, жанглёрскія прылады, а таксама спартовая форма артыстаў. Дырэктарка Цэнтру „Кантакт“ Алена Ліпень асабіста даставала рэчы, адкрывала кожны пакет. Яна нават паклікала „панятых“ — абедзьвюх намесьніц, прадстаўнікоў адміністрацыі і вахцёра школы (праўда, дырэктарка школы адразу сышла).

Спадарыня Ліпень патлумачыла, што шукае газу, якую мы выкарыстоўваем на агнявых шоў. Але паліва мы ў школе не захоўваем. На вулічныя заняткі газу прыносім з сабой. Нічога крамольнага не знайшла. Спрабавала яшчэ трапіць у касьцюмерную, але не было ключоў».

Дырэктарка Цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт» Алена Ліпень сытуацыю не камэнтуе. 27 сакавіка на Ганну Несьцераву было накладзена дысцыплінарнае спагнаньне — нібыта за незапоўнены журнал.

29 сакавіка кіраўніцу тэатру выклікалі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску даць тлумачэньні з нагоды заявы дырэктаркі Цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт» Алены Ліпень, быццам Несьцерава даслала ёй электронны ліст з пагрозамі.