Ці пачнецца вялікая вайна паміж Захадам і Расеяй у Сырыі? Калі бамбуюць і страляюць, то ўсякае можа быць. Але ёсьць пару меркаваньняў, чаму вайна хутчэй за ўсё не пачнецца, а тым больш вялікая, ядзерная.
Некаторыя ўжо параўноўваюць цяперашні крызіс з Карыбскім. Але яны структурна розныя. Карыбскі крызіс быў з нагоды, з прычыны разьмяшчэньня ядзернай зброі. Там ядзерны фактар быў чыньнікам сытуацыі. Да таго ж на думку ЗША разьмяшчэньне савецкіх ядзерных ракетаў на Кубе несла прамую і вялікую пагрозу бясьпецы Амэрыкі і нават яе выжываньню.
Разьмяшчэньне савецкіх ядзерных ракетаў на Кубе несла прамую і вялікую пагрозу бясьпецы Амэрыкі і нават яе выжываньню.
Ну а што цяперашні канфлікт у Сырыі? Ядзерны кампанэнт у ім адсутнічае, прынамсі пакуль. Што б там ні зрабілі амэрыканцы, гэта ня будзе прамой і вялікай пагрозай бясьпецы Расеі, што б там ні зрабілі расейцы, гэта ня будзе прамой і вялікай пагрозай бясьпецы Амэрыкі.
Дык на што гэта можа быць падобна ў самым горшым выпадку? А на забытую ўжо зараз вайну ў Карэі ў 1950-1953 гадах. Амэрыка ў ёй удзельнічала адкрыта, афіцыйна. СССР неафіцыйна, але даволі заўважна. У небе над Карэяй савецкія і амэрыканскія лётчыкі забівалі адзін аднаго ў немалой колькасьці. Былі забітыя да 300 савецкіх лётчыкаў, так ці інакш у баявых дзеяньнях былі задзейнічаныя тысячы савецкіх салдатаў.
Але ці магла тая вайна, тыя прамыя сутыкненьні СССР і Амэрыкі, перарасьці ў вялікую вайну паміж імі? Не. Сама па сабе - не. Хацеў бы Труман ці Сталін, каб перарасла, дык і перарасла б. Але зьбег абставінаў, самая хада канфлікту, не маглі да яе прывесьці. Далёкі тэатар баявых дзеяньняў, па вялікім рахунку ні СССР, ні ЗША ніякі вынік вайны не пагражаў.
Ну дык і ў Сырыі зараз тое самае.
Ёсьць і яшчэ адзін чыньнік, які робіць хоць якое, а тым больш сур’ёзнае, сутыкненьне малаімаверным. Амэрыка ня раз пачынала даволі маштабныя войны, якія ставілі на мэце разгром праціўніка. Самыя апошнія — Ірак, Лібія.
Кепскаму хлопчыку, які зрабіў шкоду, надаюць па задніцы.
Але ці ставіць яна перад сабой такую мэту ў Сырыі? Можа і ставіць, але пакуль ідэалёгія меркаванага ўдару — гэта экзэкуцыя: кепскаму хлопчыку, які зрабіў шкоду, надаюць па задніцы. Такой жа была ідэалёгія, фармат леташняга амэрыканскага ракетнага ўдару па Сырыі, і прычым за тое самае. Ужыў хімію — вось табе ўрок.
Але менавіта ўрок, у выніку якога пацерпіць (у горшым для яго выпадку) задніца Асада, але ніяк не галава, не яго рэжым.
З улікам гэтага — якая вайна? Калі б ЗША пайшлі на Асада, каб яго зрынуць, зьнішчыць яго рэжым, калі б лічылі гэта важнай мэтай, то можа і маглі б пайсьці на рызыку канфлікту з Расеяй. Таксама ня факт. Але вялікая мэта была б сувымерная зь вялікай жа рызыкай канфлікту з Расеяй і вялікімі яго патэнцыйнымі наступствамі.
А тут — якая вялікая мэта? Задніца Асада? Не вялікая.
Што з гэтага вынікае? Што рыторыка — рыторыкай, надзьмуваньне шчок — надзьмуваньнем, але прамы канфлікт уяўляецца малаімаверным. Каналы камунікацыяў, і палітычных, і ваенных, застаюцца, расейцаў хутчэй за ўсё прынамсі папярэдзяць пра цэлі ўдараў. Ці адразу выберуць такія, дзе расейцаў няма.
Зразумела, заўсёды ёсьць тое, што Кляўзэвіц называў «туманам вайны». Ракета паляціць не туды, нехта нешта не пачуў, іншы не паварушыўся так хутка, як трэба было. У выніку — ахвяры, ці расейцаў, ці амэрыканцаў, ці і адных і іншых.
Калі гэта, барані Бог, адбудзецца, то зразумела, гэта будзе ўжо іншы сьвет. Але гэта, выбачаюся за калямбур, будзе яшчэ гэты сьвет, а ня той, не пачатак ядзернага Армагэдону. Карэя-2.
І на шлях віраваньня вяртаецца вецер.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.