Сустрэча кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай з прадстаўнікамі аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва», якую меркавалася правесьці на гэтым тыдні, перанесена на няпэўны час, піша БелаПАН.
Старшыню «Пэрспэктывы» Анатолю Шумчанку ў прэзыдэнцкай адміністрацыі сказалі, што пытаньні сустрэчы дапрацоўваюцца, і калі ўсё будзе гатова, яму паведамяць. Канкрэтнай даты не назвалі.
«Будзем спадзявацца, што абяцаньне Натальлі Іванаўны будзе выканана і сустрэча „Пэрспэктывы“ і адміністрацыі прэзыдэнта адбудзецца», — сказаў Шумчанка.
Кіраўніца адміністрацыі кіраўніка дзяржавы Натальля Качанава плянавала сустрэцца з прадстаўнікамі аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» цягам тыдня 2–8 красавіка. На сустрэчы зьбіраліся абмеркаваць дэкрэт аб разьвіцьці прадпрымальніцтва № 7 і вострыя праблемы, зь якімі сутыкаецца дробны бізнэс.