Беларускі міністар сельскай гаспадаркі адказаў расейскаму калегу, які параіў Беларусі «шукаць іншыя рынкі» малака

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц

Беларусь не палохае заява Расеі пра паступовую адмову ад імпарту малочнай прадукцыі, краіна гатовая аказаць садзейнічаньне Расеі ў разьвіцьці малочнай галіны, заявіў сёньня журналістам міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц, паведамляе БЕЛТА.

Напярэдадні міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандар Ткачоў паведаміў, што Расея зьбіраецца забясьпечыць рынак малака на 90% айчыннымі прадуктамі, а ў пэрспэктыве мае намер цалкам адмовіцца ад імпарту і параіў Беларусі шукаць новыя рынкі збыту.

«Гэтая заява абсалютна не палохае»

Па словах Леаніда Зайца, у беларускага боку гэтая заява не выклікае турботаў.

«Гэтая заява абсалютна не палохае — мы дывэрсыфікуем рынкі, і гэта заўважна па выніках мінулага году: у нас зьменшыліся пастаўкі на галоўны для нас рынак — расейскі, павялічыліся пастаўкі ў краіны СНД, Кітай, краіны Блізкага Ўсходу. І гэта заява надае яшчэ больш упэўненасьці для таго, каб мы ішлі на гэтыя рынкі», — сказаў Заяц.

Што тычыцца канкурэнцыі беларускіх вытворцаў з расейскімі, дык Леанід Заяц лічыць яе здаровай і ня бачыць прычынаў для стварэньня штучных бар’ераў на рынку ЕАЭС. Больш за тое, у Беларусі ёсьць чаму павучыцца, краіна гатовая падзяліцца сваім вопытам з Расеяй, улічваючы, якая там сытуацыя ў малочнай жывёлагадоўлі.

«Расеі ёсьць чаму павучыцца ў Беларусі ў малочнай галіне»

«Ня думаю, што трэба сёньня агароджвацца нейкім глухім плотам ад сваёй суседкі — Беларусі. Усё ж такі ў нашай краіны ёсьць чаму павучыцца, ёсьць што пераняць», — адзначыў міністар.

Паводле яго, ад расейскіх партнэраў і цяпер паступае нямала просьбаў аб аказаньні садзейнічаньня ў пастаўках племянной жывёлы, арганізацыі будаўніцтва малочных комплексаў, пастаўкі неабходнай тэхнікі для кормаўборкі, насеньня і г.д. Да таго ж у Беларусі здаровы статак: жывёлы не хварэюць на лейкоз, сухоты, сыбірскую язву яшчур і іншыя хваробы, і міністар прапанаваў расейскім калегам вывучыць беларускі вопыт у гэтай галіне, каб адаптаваць яго на тэрыторыі Расеі.

«Трэба, каб наш агульны эўразійскі рынак напаўняўся прадуктамі харчаваньня з тэрыторыі ЕАЭС. Перш чым увозіць, напрыклад, малочную прадукцыю з Уругваю, Новай Зэляндыі і гэтак далей, трэба было б разгледзець магчымасьці краінаў саюзу, дзе мы сёньня заключылі дамову аб сумеснай дзейнасьці», — сказаў Леанід Заяц.

***

Беларусь зьяўляецца найбуйнейшым экспарцёрам малака ў Расею з 86% рынку імпартнай малочнай прадукцыі, рост беларускіх паставак за тры гады склаў 24%. У тым ліку Беларусь пастаўляе «значную частку» сухога малака, і нават «перавыконвае плян»: замест дамоўленых 80 тысяч тонаў за 2017 год было пастаўлена 101,1 тысячы тонаў.

Паводле міністра сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандра Ткачова, праз спрошчаную працэдуру ўвозу ў Расею прадукцыі з краінаў Эўразійскага эканамічнага саюзу можа ўвозіцца няякасная прадукцыя, а ў беларускай «малочцы» ў 2017 годзе знаходзілі «расьлінныя тлушчы і рэшткі антыбіётыкаў».

Раней Рассельгаснагляд заявіў пра «пастаўкі фальсыфікаванай малочнай прадукцыі зь Беларусі», у сувязі з чым прынятае рашэньне аб увядзеньні абмежаваньняў на пастаўкі беларускай прадукцыі. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка даручыў шукаць новыя рынкі на фоне праблемаў з пастаўкамі прадуктаў у Расею.

«Рассельгаснагляд» наступае: пастаўкі фальсыфікаванай прадукцыі зь Беларусі набылі сыстэмны характар

«Калі яны вырашылі нас нахіляць, будзем шукаць іншыя рынкі». Лукашэнка пагражае Расеі дывэрсыфікацыяй