Сьледчая група Робэрта Мюлера, якая расьсьледуе расейскае ўмяшаньне ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары, зрабіла незвычайны крок і правяла гутарку з двума расейскімі алігархамі, якія знаходзіліся зь візытам у ЗША, паведаміла тэлекампанія CNN. Хто гэтыя людзі і калі яны наведвалі ЗША, невядома.
Паводле крыніц тэлекампаніі, расейскім алігархам задалі пытаньні аб тым, ці вядома ім пра якія-небудзь выпадкі прамых ці ўскосных ахвяраваньняў з Расеі на выбарчую кампанію Дональда Трампа ці яго інаўгурацыйную цырымонію. Пад ўскоснымі маюцца на ўвазе ахвяраваньні праз пасярэдніцтва амэрыканскіх грамадзян, аналітычныя цэнтры або камітэты палітычных дзеяньняў.
У аднаго з алігархаў, чый прыватны самалёт прызямліўся на аэрадроме ў раёне Вялікага Нью-Ёрку, былі агледжаныя пэрсанальныя электронныя прылады. Ці быў праведзены надгляд другога алігарха, невядома. Амэрыканскія сьледчыя неафіцыйна зьвярнуліся да яшчэ аднаго расейскага алігарха, які не наведваў ЗША ў апошні час, з просьбай добраахвотна адказаць на пытаньні, якія цікавяць сьледчых.
Як піша CNN, гэтыя дзеяньні могуць сьведчыць аб наяўнасьці ў сьледзтва дакумэнтаў, якія тычацца падобных дзеяньняў расейскіх грамадзян. Цяпер спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер спрабуе атрымаць дадатковую інфармацыю ў расейцаў, якія наведваюць ЗША. Амэрыканскае заканадаўства забараняе іншаземцам фінансаваць перадвыбарчыя кампаніі кандыдатаў.