Кніга, якая можа дапамагчы ўладкаваць Беларусь

У ЗША гэтую публікацыю называюць найлепшай кнігай пра Амэрыку апошніх гадоў. Але я ва ўспамінах Джэймса Вэнса «Лапцюжная элегія» (Hillbilly Elegy) пабачыў праблему многіх беларусаў — як вырвацца зь беднасьці і пачаць годна жыць? Адказ Вэнса можа шакаваць. Бо ён зусім не пра ўладу.

Джэймс Вэнс — 33-гадовы амэрыканскі юрыст, выпускнік Ейльскага ўнівэрсытэту. У вельмі шчырай кнізе, на мяжы з публічнай псыхатэрапіяй, ён распавёў пра сваё складанае дзяцінства ў штаце Агаё. Ня кожны дасьць веры, што выпускнік аднаго з самых прэстыжных ВНУ сьвету меў цяжкое жыцьцё. І, дарэчы, якое там цяжкое жыцьцё можа быць у Агаё? Хто зь беларускай посткалгаснай правінцыі не хацеў бы жыць у Агаё?! Але ўсё менавіта так.

Джэймс Вэнс

«Я хачу, каб іншыя зразумелі, якое гэта пачуцьцё, калі чалавек амаль гатовы сам на сабе паставіць крыж і што можа да гэтага схіліць. — піша Вэнс. — Я хачу, каб яны ўбачылі, што адбываецца ў жыцьці бедных людзей, якія псыхалягічныя наступствы нясе матэрыяльная і духоўная галеча для іх дзяцей»

Вэнс нарадзіўся ў беднай сям’і, у некалі багатым прамысловым мястэчку Мідлтан у гарах Апалачах. Але былой славы рэгіёну аўтар не засьпеў. Сёньня там вартая жалю карціна з цэлай палітрай сацыяльных праблемаў. Бацька-алькаголік кінуў Джэймса неўзабаве пасьля нараджэньня. Маці — наркаманка, якая зьмяняла мужчын як пальчаткі і гэтаксама хутка траціла чарговыя месцы працы. Джэймс рос сярод паталёгіі, вечных сварак, насільля і лаянкі. Ягоная маці была сьведкай, як бабуля падпальвае п’янага дзеда, які не паслухаў і зноў прыйшоў дадому п’яны. А сам Вэнс перажыў уцёкі ад маці, якая абяцала яго забіць. Так жылі і жывуць амаль усе навокал — сваякі, суседзі, усё мястэчка ды іншыя мястэчкі ў Агаё.

Сёньня Вэнс — пасьпяховы юрыст, жыве ў Вашынгтоне. Яго можна пабачыць на CNN, дзе ён камэнтуе палітычныя падзеі. Ягоная кніга прадалася мільённым накладам. У «Лапцюжнай элегіі» Вэнс разважае, чаму там, дзе ён вырас, усё так кепска. Чаму яму ўдалося дакрануцца да амэрыканскай мары, а многім — не?

Раней адказ на падобнае пытаньне спрабавалі даць амэрыканскія эканамісты Даран Аджэмаглу і Джэймс Робінсан, аўтары фантастычна цікавай кнігі «Чаму адныя нацыі багатыя, а іншыя бедныя». На пачатку дасьледаваньня яны параўноўваюць амэрыканска-мэксыканскае памежжа і задаюць пытаньне: як так сталася, што дзьве паловы аднаго гораду з насельніцтвам той самай расы, падзеленыя ўсяго толькі мяжой, жывуць як неба і зямля? Адказ на пяцістах старонках. Калі зьвесьці яго да некалькіх словаў, то сакрэт посьпеху — у правільным кіраваньні, у рацыянальнай, справядлівай і адкрытай сыстэме без манаполіі дзяржавы. Але нават у ЗША мільёны людзей жывуць у галечы і паталёгіі. Вэнс ідзе далей, чым Аджэмаглу і Робінсан. Ён разважае, чаму ў найбагацейшай краіне сьвету амэрыканская мара для мільёнаў людзей назаўсёды можа застацца недасяжнай.

Роднае мястэчка Джэймса Вэнса

У кнізе перамяшаныя сацыялёгія, гісторыя і трохі статыстыкі. Але найбольш там высноваў з уласнага жыцьця. Жыцьцё Вэнса-падлетка пачало мяняцца пасьля таго, калі яго ад маці, якая была вечна «пад кайфам», забірае да сябе бабуля. У бабуліным доме тая самая беднасьць, але нарэшце — спакой і любоў. Першая праца падлетка касірам у краме і першыя глябальныя назіраньні. Чаму малако ў парашку для немаўлят купляюць не багатыя, а, наадварот, бедныя? Гэта пытаньне не фінансаў, а сыстэмы каштоўнасьцяў, лічыць Вэнс. Прыкладам, бедныя лянуюцца карміць дзяцей грудзьмі. І дзеці ад пачатку страчваюць шанец на блізкасьць і пяшчоту.

Вэнс ідзе служыць у марскую пяхоту, едзе на вайну ў Ірак. Гэтае сутыкненьне з дысцыплінай, жыцьцём у камандзе паводле жорсткіх правілаў робіць чарговую рэвалюцыю ў ягонай галаве. Яму раяць ісьці вучыцца. Вэнс паступае ва ўнівэрсытэт Агаё ў межах праграмы для бедных, адтуль дзякуючы той жа праграме трапляе на факультэт права Ейльскага ўнівэрсытэту. «Упершыню ў жыцьці мне аплацілася быць бедным», — жартуе Вэнс.

Але калі нехта думае, што студэнт Ейлу ўжо на старце схапіў Бога за бараду, то нічога падобнага. Выпускніца зь ейльскім дыплёмам працуе ў кавярні, бо ня здолела знайсьці працу адпаведна спэцыяльнасьці. Аднак высокія патрабаваньні прафэсараў і высокія мары вырвацца з кола галечы і паталёгіі робяць сваё — і Вэнсу ўдаецца. Сёньня ў яго ёсьць жонка, дзіця, два сабакі, новы дом і гадавы заробак з шасьцізначнай лічбай. Ён дапамог маці завязаць з наркотыкамі і дапамагае дзецям на малой радзіме вырвацца з заганнага кола.

У чым сакрэт? Не ва ўладзе, лічыць Вэнс. Сакрэт у адносінах паміж людзьмі. Для яго першым імпульсам да посьпеху стала бабуліна любоў. Гэта дало яму спакой, стабільны дом, дзе быў час на хатняе заданьне і ў выніку лепшыя адзнакі ў школе. «Супольнасьць, сям’я, спакойныя размовы», — піша Вэнс. Ён параўноўвае штаты Юту і Агаё. У Юце, дзе, як і ў ягоным родным штаце, прамысловасьці няма, ёсьць моцная царква, салідарнасьць паміж людзьмі, моцныя сем’і і ў выніку моцная супольнасьць, якая ня кідае чалавека ў бядзе. Гэта тое, што неабходна для раскрыцьця таленту, атрыманьня адукацыі і нарэшце посьпеху. Ня ўсе гэтым могуць скарыстацца, але амаль кожны атрымлівае шанец.

Горы Апалачы

З Вэнсам можна спрачацца. Колькі мы ведаем прыкладаў, калі ў, здавалася б, нармальных сем’ях вырасталі хадзячыя паталёгіі, і наадварот. Але ў аўтара па-за ўласным досьведам ёсьць бясспрэчны аргумэнт — статыстыка. Паталёгія часьцей дае іпмульс да паталёгіі, чым да аздараўленьня. Яна накідае дзецям траўму, якая потым цягне іх уніз. І так з цэлымі пакаленьнямі. Джэймс Вэнс стаў першым у сваёй сям’і, каму ўдалося вырвацца з гэтага заганнага кола.

Паталёгіяй кішыць і беларуская правінцыя. Жывучы ў вёсцы, я наглядзеўся навокал такога, што няёмка расказваць. На адной вуліцы жыла маладая кабета, бяз мужа, з малой 3-гадовай дзяўчынкай. Сама яна была п’яніца, малую не карміла і паіла яе самагонкай, каб тая даўжэй спала. Уся гэтая гісторыя працягвалася больш за год, пакуль па дзіця не прыехалі з райцэнтру. Калі яе памылі, расчасалі і апранулі, то казалі, што не пазнаць ранейшай малой. Потым яе ўдачарылі. На суседняй вуліцы муж прывязваў жонку ланцугом, каб яна не сыходзіла з дому і не піла. Урэшце сьпіўся і ён сам. За апошнія некалькі гадоў у вёсцы праз п’янку ўтапіліся тры мае сябры са школы. На канцы вуліцы п’яны муж зарэзаў жонку. Адна п’яная жанчына павесілася. Здаровы і вясёлы мужык сеў п’яны на матацыкл і растоўк сабе ўсе косьці, стаў інвалідам. Потым яго нехта зарэзаў. За дзясятак дамоў ад нас уначы загарэлася хата. Я паляцеў туды. Малады п’яны хлопец падпаліў хату, бо яго кінула жонка. Праз пару месяцаў ён павесіўся. У суседняй вёсцы стары бацька ня вытрымаў, што сын п’е па-чорнаму, б’е яго і старую маці, дык, калі той спаў, адсёк яму сякерай галаву. Здаецца, такія гісторыі (і яшчэ больш жахлівыя) я мог пісаць некалькі гадзін. І гэта ўсё з адной ваколіцы, дзе жыве пару тысяч чалавек. Вельмі часта сьведкамі гэтых драмаў былі дзеці.

Ёсць і іншыя гісторыі. Калі людзі кідалі піць і раптам жыццё наладжвалася. Раптам пачынала хапаць грошай і яны рабілі рамонт у хаце, куплялі тэлевізары, машыны. Вучыліся нармальна размаўляць і ў злосьці казалі старэйшым бацькам ужо не «закрый я.. ла», а «памаўчы». Але прасьвятленне здаралася тады, калі людзі ўжо сягалі дна. Калі іх ня проста падымалі з-пад плоту, а ратавалі ў рэанімацыйным аддзяленьні. Але ці так павінна прыходзіць прасьвятленьне?

«Многія людзі перакананыя, што маюць толькі невялікі кантроль над уласным жыцьцём, яны абвінавачваюць усіх навокал, але толькі не сябе. Нехта глядзіць на мяне, мой дыплём, працу і думае, што я нейкі геній. Гэта трызьненьне. Магчыма я і маю нейкія таленты, але амаль усё я згубіў яшчэ да таго, як мяне выратавала група людзей, якія мяне любілі», — піша аўтар.

Вэнс лічыць, што гарантыю нармальнасьці можа даць нават бедны, але поўны любові дом, спакойнае дзяцінства, узоры ў сям'і, дысцыпліна і пачуцьцё супольнасьці. Вэнс не дае стопрацэнтнага адказу і рэцэпту. Ён, наадварот, раіць часьцей задаваць пытаньні: калі ўдалося мне, то якой цаной і дзякуючы чаму? І што магу зрабіць я сам, каб людзі побач са мною таксама атрымалі шанец?

Вельмі натхняльная кніга зь няпростай прапановай, але больш эфэктыўнай і рэальнай, чым усякая іншая.