Архітэктар беларускай царквы ў Лёндане створыць мэмарыял ахвярам таталітарызму ў Брусэлі

Праект Цзыўя Со, які перамог у конкурсе на стварэньне эўрапейскага мэмарыялу ахвярам таталітарызму ў Брусэлі

Брытанскі архітэктар Цзыўай Со, вядомы як аўтар беларускай драўлянай царквы ў Лёндане, выйграў адбор на стварэньне першага агульнаэўрапейскага мэмарыялу ахвярам таталітарызму ХХ стагодзьдзя. На праект яго натхніў мэмарыял у Хатыні.

Конкурс ладзіцца Плятформай эўрапейскай памяці і ўсьведамленьня (Platform of European Memory and Conscience). У ім спаборнічалі 39 удзельнікаў. 28 сакавіка журы назвала пераможцаў.

Цзыўай Со прапанаваў разьмясьціць у цэнтры Брусэля мэмарыял з павялічаных лістоў арыштаваных і дэпартаваных людзей з розных краінаў. Для гэтага будуць выкарыстаныя павялічаныя копіі сапраўдных лістоў. У цэнтры плошчы будзе стаяць стальная панэль з наступным надпісам: «Пад бэтонным падмуркам захаваныя лісты Ахвяраў Таталітарызму і іхных блізкіх». Ён будзе перакладзены на розныя мовы.

«Натхнеьне прыйшло ад мэмарыялу ў беларускай Хатыні і „Музэю туфляў на ўзьбярэжжы Дуная“ ў Будапэшце», — сказаў Цзыўай Свабодзе.

Цзыўай Со

Архітэктар даўно ведаў пра мэмарыяльны комплекс Хатынь, але ўпершыню наведаў яго ў сьнежні 2017 года падчас свайго апошняга візыту ў Беларусь. Яго ўразіла, што ў Хатынь была правезеная зямля з розных спаленых вёсак. У сваім праекце Цзыўай замяніў зямлю лістамі з розных краінаў і на розных мовах.

«Канцэпцыя заключаецца ў тым, каб сабраць лісты ахвяраў і раскідаць іх у Брусэлі. Хай лісты распавядаюць гісторыю самі», — сказаў Цзыўай.

Ён ужо cкантактаваўся са шматлікімі арганізацыямі і прыватнымі асобамі, якія валодаюць лістамі арыштаваных і дэпартаваных людзей. Агулам Цзыўай Со мае базу ў 40 тысячаў лістоў ахвяраў таталітарных рэжымаў. У гэтым ліку ёсьць і некалькі лістоў зь Беларусі. Па словах архітэктара, ён не адмовіцца, калі яму яшчэ дашлюць лісты рэпрэсаваных зь Беларусі.

Паводле Со, арганізатары конкурсу запрасілі яго да ўдзелу пасьля таго, як даведаліся пра ягоны праект беларускай царквы ў Лёндане.

Конкурс адбываўся на ананімнай падставе, калі журы ня ведала, каму належыць той ці іншы прапанаваны да разгляду праект. У склад журы ўвайшлі камісар Эўразьвязу па адукацыі, культуры, моладзі і спорце Тыбор Наўрачыч, сусьветнавядомы брытанскі архітэктар лорд Норман Фостэр ды іншыя.

Мэмарыял разьмесьціцца на плошчы Жана Рэя у цэнтры Эўрапейскага кварталу ў Брусэлі. Ён мусіць быць скончаны ўжо сёлета да 23 жніўня. Гэта Дзень памяці ахвяраў таталітарызму.

«Хачу адкрыць архітэктурнае бюро ў Менску», — Цзыўай Со, аўтар беларускай царквы ў Лёндане