Былога кіроўцу аўтобуса Дзьмітрыя Юргеля, які судзіцца з адміністрацыяй Горадзенскага аўтапарку за незаконнае, на яго думку, звальненьне, раніцай 28 сакавіка забралі з кватэры ў пастарунак. Заяву на яго напісала маці.
«Адміністрацыя аўтапарку ўмешваецца ў справы нашай сямʼі...»
У Кастрычніцкім судзе Горадні сёньня распачаўся разгляд пазову былога кіроўцы Дзьмітрыя Юргеля да адміністрацыі Горадзенскага аўтапарку. Пазоўнік дамагаецца, каб замест звальненьня «з прычыны заканчэньня кантракту» яго звольнілі «за парушэньне наймальнікам умоваў дамовы і з выплатай трох сярэднямесячных акладаў».
Аднак раніцай з кватэры яго забралі ў пастарунак Ленінскага РАУС. Паводле Юргеля, заяву на яго напісала маці.
«Праблемы з маці пачаліся пасьля таго, як пасьля падачы заявы ў суд адміністрацыя аўтапарку запрасіла яе на маю былую працу, — кажа Дзьмітры Юргель. — Ня ведаю, што канкрэтна яны ёй казалі, але маці пачала скандаліць, што я зьвязаўся з апазыцыяй. Урэшце, калі мяне забралі ў пастарунак, то ў пратаколе запісалі, што я біў маці газэтай і брыдкасловіў».
Пасьля таго як Юргель у пастарунку запатрабаваў, каб да яго зьявіўся начальнік Ленінскага РАУС і каб былі прадʼяўленыя дакумэнтальныя сьведчаньні пабояў і брыдкаслоўя, яго з пастарунку адпусьцілі. Аднак заўтра ў судзе Ленінскага раёну над ім паводле складзенага пратаколу адбудзецца суд.
«Хачу, каб мяне звольнілі згодна з законам...»
Сёньня ў судзе супраць адміністрацыі Горадзенскага аўтапарку Юргель заявіў, што звольнілі яго незаконна, бо яшчэ да заканчэньня кантракту ён пісаў заяву на звальненьне з прычыны невыкананьня адміністрацыяй кантрактных умоваў.
У прыватнасьці, пазоўнік прадставіў доказы таго, колькі яму даводзілася перапрацоўваць без адпачынку, чым і парушаўся кантракт. І прывёў прыклады, калі яго прыцягвалі да прац па тэхнічным абслугоўваньні транспарту, але пры гэтым не забясьпечвалі спэцвопраткай, мыйнымі сродкамі — паводле яго, гэта таксама парушэньне кантракту.
«А таму я хачу, каб мяне звольнілі згодна з законам», — заявіў Юргель.
Прадстаўніца адказчыка, юрыстка Горадзенскага аўтапарку, заявіла, што адміністрацыя прадпрыемства не прызнае ніводнага з патрабаваньняў Юргеля. У судзе зроблены перапынак.
Усё пачалося са спробы самагубства
Гэта ўжо трэці суд работніка Горадзенскага аўтапарку, звольненага пасьля канфліктнай сытуацыі з адміністрацыяй.
Гісторыя канфлікту пачалася з таго, што адзін з кіроўцаў зрабіў спробу самагубства — спыніў на мосьце празь Нёман аўтобус з пасажырамі, выйшаў зь яго і скочыў з моста ў раку. Кіроўца застаўся жывы. Прычыны ягонага ўчынку дагэтуль застаюцца невядомымі. Але гісторыя на гэтым ня скончылася.
Група кіроўцаў Горадзенскага аўтобуснага парку накіравала ў адміністрацыю Лукашэнкі, пракуратуру, да мясцовых уладаў лісты, у якіх скардзіліся на перапрацоўкі, малыя заробкі і цяжкія ўмовы працы. Тлумачылі, што такое жыцьцё і прывяло чалавека да спробы суіцыду.
У першым выпадку работніку таксама зьмянілі запіс у працоўнай кніжцы — праўда, рашэньне было прынята па дамоўленасьці бакоў і ўжо па-за судовым паседжаньнем. У другім выпадку рашэньне суду было на карысьць кіроўцы Мікалая Мурача: яму зьмянілі запіс у працоўнай кніжцы і выплацілі кампэнсацыю.