Сёньня, праз тры месяцы пасьля падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам, уступіў у сілу дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», вядомы яшчэ як ІТ-дэкрэт. Аднак многія практычныя моманты, датычныя легалізацыі абарачэньня крыптавалютаў у Беларусі, застаюцца нявысьветленыя. Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб на просьбу Свабоды паставіў шэсьць галоўных пытаньняў да ІТ-дэкрэту.
Дакумэнт падаўжае і пашырае прэфэрэнцыі для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ), спрашчае патрабаваньні да іхнай зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, павінен стымуляваць разьвіцьцё тэхналягічнай адукацыі ды стварыць больш прывабныя ўмовы для прыходу ў Беларусь усясьветных ІТ-карпарацый і інвэстыцый.
Аднак самая рэзанансная частка ІТ-дэкрэту — легалізацыя крыптавалютаў, іх здабываньня і абарачэньня. Дзякуючы гэтаму Беларусь трапіла ў загалоўкі сусьветных мэдыя, бо міжнародная практыка заканадаўчага рэгуляваньня праваадносін з крыптавалютамі яшчэ толькі фармуецца, там шмат шэрых зонаў.
Крыптавалюта — ня грошы?
У Грамадзянскім кодэксе Беларусі не прапісаная сама сутнасьць крыптавалюты, адзначае экспэрт.
«Пасьля тлумачэньня Нацбанку становіцца відавочным, што крыптавалюта — гэта ня грошы, не плацёжны сродак. Адну крыптавалюту можна абмяняць на іншую. Што тычыцца абмену на фіятныя грошы, гэта будзе праходзіць праз банкаўскую сыстэму і падлягаць жорсткаму „антыадмывачнаму“ кантролю.
Ёсьць інструкцыя Міністэрства фінансаў, як адлюстроўваць апэрацыі з „крыптай“ у бухгальтарскім уліку. Але калі ўзьнікнуць спрэчныя сытуацыі з падатковай, а яшчэ горш — паміж рознымі кампаніямі, паміж грамадзянамі і кампаніямі, якія трэба будзе вырашаць у судах, — вялікія прабелы ў заканадаўстве ў гэтым пытаньні яшчэ могуць адгукнуцца.
Чым крыптавалюта не зьяўляецца — зразумела, а чым яна зьяўляецца — гэта пытаньне пакуль адкрытае».
Your browser doesn’t support HTML5
Ці можна за крыптавалюту набываць тавары?
Вадзім Іосуб перакананы: зыходзячы з наяўнай сёньня інфармацыі пра ІТ-дэкрэт, за крыптавалюту нельга набываць тавары і паслугі.
«Той, хто прадае ў Беларусі тавары і паслугі, можа гэта рабіць толькі за беларускія рублі. Калі чалавек намайніў (здабыў. — РС) сабе крыптавалюту і нешта купляе за мяжой, гэта ніяк не рэгулюецца нашым заканадаўствам. Унутры ж краіны пытаньне ня ў тым, што чалавек ня можа купіць. Любы, хто прадае ў Беларусі тавары і паслугі, можа гэта рабіць толькі за беларускія рублі. А за крыптавалюту ня мае права. Так цьвердзіць закон».
Якія рызыкі чакаюць кампаніі?
Нацыянальны банк паставіў дастаткова заслонаў, каб у Беларусі ня ўзьнік крыптаафшор. Але што атрымаецца ў выніку легалізацыі крыптавалютаў, пакуль не зусім зразумела, лічыць фінансавы аналітык.
Паводле яго, кампаніям пакуль не зразумела, як працаваць з крыптавалютамі ў Беларусі. Калі яны пачнуць актыўна іх выкарыстоўваць, то могуць сустрэцца зь непрагназаванымі рызыкамі, лічыць экспэрт.
«Пакуль зразумела, як весьці бухгальтарскі ўлік, усё астатняе незразумела. Як, напрыклад, апэрацыі кампаній з крыптавалютамі будуць з часам ацэньвацца кантралюючымі органамі? У нас практыка такая, што новыя зьявы ў сфэры бухгальтарскага ўліку маюць патрэбу ў далейшых тлумачэньнях і ўдакладненьнях.
Наогул, заканадаўства напрацоўваецца доўга. У нас пакуль чыстае поле, і нехта на ім будзе першым. А з улікам таго, што поле падобнае да міннага, то гэтым першапраходцам будзе ня вельмі проста».
Навошта крыптаэканоміку ўключылі ў дэкрэт?
«У многім адстаючы ад лепшых сусьветных практык па абароненасьці бізнэсу, па недатыкальнасьці ўласнасьці ў сфэры крыптавалютаў, мы нечакана апынуліся ледзь не наперадзе плянэты ўсёй», — кажа Іосуб.
На яго думку, ствараецца ўражаньне, што нехта лабіраваў магчымасьці для сваіх кампаній, а не для таго, «каб у Беларусь прыйшоў замежнік і тут зарабіў».
«Таму, наколькі ўсё гэта будзе адкрыта для замежнікаў, арыентаваных на працу ў сфэры крыптавалютаў, — пакажа час. Але ёсьць інфармацыя, што адміністрацыя ПВТ ня вельмі вітае кампаніі — ня толькі замежныя, але і беларускія кампаніі, — якія зьбіраюцца займацца выключна крыптавалютамі».
Ці трэба крыптавалюты разьвіваць наагул?
Далёка ня факт, што крыптавалюты трэба разьвіваць, што гэта ўратуе нашу эканоміку, заўважае Вадзім Іосуб. Ён называе гэты кірунак «тупіковым».
«Сьвет пастаянна шукае новыя кірункі. Адны аказваюцца прарыўнымі, а іншыя тупіковымі. Ці акажуцца крыптавалюты і блокчэйн прарывам, ці тупіком, дакладна пакажа час. Я схіляюся бліжэй да таго, што гэта тупіковы кірунак.
Ці выцягне ІТ-дэкрэт беларускую эканоміку?
У эканоміцы ёсьць вельмі сур’ёзныя праблемы, якіх ІТ-дэкрэт ніяк не вырашае. Таму і рэвалюцыйнага аздараўленьня ўсёй эканомікі ад яго чакаць не выпадае, лічыць фінансавы аналітык.
«Ёсьць праблемы з інвэстыцыйным кліматам, якія палягаюць у адсутнасьці недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці, у адсутнасьці незалежнага суду, які можа гэтую ўласнасьць ахоўваць. У нас ёсьць зьменлівае заканадаўства, а таксама, урэшце, няроўнасьць формаў уласнасьці. У тым ліку неэфэктыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія выціскаюць усе сокі са здаровай часткі эканомікі. Гэты важны пласт ІТ-дэкрэт ніяк не закранае», — кажа Вадзім Іосуб.