Атручэньне Расеяй былога выведніка ў Вялікай Брытаніі зьяўляецца часткай стратэгіі Крамля з мэтай падзяліць Захад, ажыцьцявіўшы тайную апэрацыю і пасеяўшы сумнеў наконт адказнага за такія дзеяньні, заявіў міністар абароны ЗША Джым Матыс 27 сакавіка ў Вашынгтоне.
Інцыдэнт у Солсбэры ёсьць «досыць відавочным» выкарыстаньнем Расеяй «зброі масавага зьнішчэньня», сказаў Джым Матыс. Адмова прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ад адказнасьці за, як выказаўся кіраўнік Пэнтагону, «замах на забойства» Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі нельга ўспрымаць сур’ёзна.
Ён заявіў, што цяперашнія паводзіны Расеі зьяўляюцца часткай відавочных дзеяньняў Масквы, якія яна пачала яшчэ ў 2014 годзе ў дачыненьні да Ўкраіны.
«Яны здымаюць шаўроны з вайсковай формы, ідуць у Крым і кажуць, што ня маюць ніякага дачыненьня да таго, што адбываецца з сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны. Не ўяўляю, як яны могуць такое казаць проста ў вочы», — дадаў Матыс.
Ён таксама адзначыў, што Расея «спрабуе разбурыць адзінства заходняга альянсу NATO», падтрымліваючы сумненьні і спрэчкі аб тым, хто нясе адказнасьць за яе дзеяньні. У той жа час Матыс сказаў, што Расея па-ранейшаму «можа быць партнэрам Эўропы», але дадаў, што Масква замест гэтага «вырашыла стаць стратэгічным канкурэнтам».
Заява міністра абароны ЗША зьявілася на наступны дзень пасьля таго, як больш за два дзясяткі краінаў ва ўсім сьвеце абвясьцілі пра высылку 143 расейскіх дыпляматаў за «справу Скрыпаля», да якой, як настойвае сама Масква, яна ня мае ніякага дачыненьня.
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Сьледчыя лічаць, што іх атруцілі вырабленым у Расеі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок».
Лёндан заявіў, што да злачынства мае дачыненьне Крэмль. Масква абвяргае абвінавачваньні і абяцае адказаць на высылку сваіх дыпляматаў з заходніх краінаў.
Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.