Маскоўскі суд Берасьця адмовіў у задавальненьні пазову грамадзян наконт спыненьня будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПаўэр».
Пазоўнікі аргумэнтавалі ў судзе, што грамадзкія слуханьні былі праведзеныя з парушэньнем заканадаўства, што не дазволіла грамадзкасьці рэалізаваць права на падачу заявы пра абмеркаваньне справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе.
Грамадзяне даводзілі ў судзе, што вытворчасьць на гэтым заводзе нанясе шкоду як навакольнаму асяродзьдзю, так і здароўю жыхароў навакольных населеных пунктаў.
Пазоўнікі прасілі цалкам спыніць гаспадарчую дзейнасьць акумулятарнага заводу да правядзеньня паўторных грамадзкіх слуханьняў.
Як распавёў берасьцейскі праваабаронца, юрыст Раман Кісьляк, рашэньне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу і будзе абскарджанае.
«Ініцыятыўная група будзе абскарджваць гэтае рашэньне, і справа будзе разглядацца ў Берасьцейскім абласным судзе. Таксама, мы рыхтуемся да судоў зь іншымі скаргамі, яны будуць крыху зь іншай нагоды, але таксама супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Тое, што грамадзяне атрымалі нэгатыўнае рашэньне суду, яшчэ не азначае, што барацьба супраць акумулятарнага заводу спынілася. Яшчэ некалькі працэсаў у судах Берасьця будзе адбывацца наконт гэтага», — рсказаў Раман Кісьляк.
Your browser doesn’t support HTML5
Змаганьне супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці працягваецца з пачатку гэтага году, калі людзі даведаліся пра пачатак яго будаўніцтва. Берасьцейцы сабралі каля 37 тысяч подпісаў супраць заводу і накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі.
Цягам усяго сакавіка па нядзелях праціўнікі акумулятарнага заводу выходзяць з маўклівым пратэстам на галоўную плошчу Берасьця.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем пачала ў канцы 2017 году кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.