Актывіста Зьмітра Паліенку, які адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі, пераводзяць у шпіталь пры Жодзінскім сьледчым ізалятары. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала актывістка Марына Насенка, якая рэгулярна лістуецца з палітвязьнем.
«Мне стала вядома, што Зьмітра пакладуць у шпіталь 27 сакавіка. Гэта зьвязана зь лячэньнем нагі, якое цягнецца ўжо больш за 7 месяцаў, а станоўчага выніку ўсё няма. У шпіталі, мяркую, яму змогуць аказаць больш кваліфікаваную дапамогу, чым у калёніі, дзе толькі мазалі рану зялёнкай», — сказала Марына Насенка.
Паводле актывісткі, якая спасылаецца на зьвесткі ад Зьмітра Паліенкі, ён мяркуе, што лячэньне ў Жодзінскім турэмным шпіталі працягнецца два тыдні.
На пачатку сакавіка стала вядома, што Зьміцер Паліенка мае праблемы з нагой — рана, якую ён атрымаў, не загойваецца ўжо 7 месяцаў. Паводле Зьмітра Паліенкі, лекар у бабруйскай калёніі, які яго аглядаў, дапускаў сярод іншага і гангрэну, але пазьней аналізы гэтага не пацьвердзілі.
Адкуль у Паліенкі рана на назе, ягоным сваякам і знаёмым на волі невядома. Бацька палітвязьня Аляксандар Паліенка казаў Свабодзе, што Зьміцер ня кажа, пры якіх акалічнасьцях атрымаў рану. «Магчыма, на прамзоне, а магчыма — нехта ўдарыў, там усё можа быць», — мяркуе Паліенка-старэйшы. У адміністрацыі калёніі зьвесткі пра траўму Зьмітра Паліенкі не камэнтуюць.
У калёніі зь сярэдзіны 2017 году
Зьмітра Паліенку трымаюць у Бабруйскай калёніі зь сярэдзіны 2017 году. Ён мае выйсьці на волю сёлета ў кастрычніку.
У кастрычніку 2016 году грамадзкаму актывісту Зьмітру Паліенку, якога абвінавачвалі ў нападзе на міліцыянта падчас акцыі «Крытычная маса», прысудзілі 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Празь некалькі месяцаў Паліенку зноў арыштавалі і асудзілі ўжо на рэальны тэрмін за тое, што нібыта парушаў правілы адбыцьця пакараньня. Доказам сталі затрыманьні актывіста на пратэставых акцыях.
Беларускія праваабаронцы і «Міжнародная амністыя» прызналі Зьмітра Паліенку палітвязьнем.
На мінулым тыдні «Міжнародная амністыя» зьвярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваньнем тэрмінова аказаць неабходную мэдычную дапамогу палітвязьню Зьмітру Паліенку.