Пэнсіянэрку Ніну Багінскую трымалі ў міліцыі 9 гадзін, каб яна ня трапіла на дазволенае ўладамі сьвяткаваньне 100-годзьдзя незалежнасьці БНР.
Актывістку зь Менску, 72-гадовую Ніну Багінскую, затрымалі 25 сакавіка каля 10-й раніцы каля дома, калі яна зьбіралася ісьці ў офіс ТБМ на агульнанацыянальную дыктоўку, якая пачыналася аб 11-й, а потым на «Сьвята незалежнасьці» ля Опэрнага тэатру. У руках яе была вуда для сьцяга. Людзі ў цывільным пасадзілі Багінскую ў машыну і павезьлі яе ў Першамайскае РУУС — быццам бы «на размову».
Трымалі ў «крымінальным вышуку»
У будынку Першамайскага РУУС на чацьвёртым паверсе, у кабінэце з шыльдай «Крымінальны вышук», жанчыну пратрымалі 9 гадзін і адпусьцілі.
Двое сьледчых — Андрэй і Яраслаў — ня ведалі, што рабіць зь ёю, задавалі банальныя пытаньні: куды яна ішла, чаму яна ходзіць на акцыі, проста цягнулі час і чакалі каманды кіраўніцтва, што рабіць далей, расказала Свабодзе сама Ніна Багінская.
Ад «чаю» адмовілася, узяла «гарбату»
Яна кажа, што сьледчыя ставіліся да яе нармальна, прапанавалі печыва і «чай».
«Я адказала, што «чай» ня п’ю. Яны тады паправіліся і прапанавалі «гарбату». Я не маўчала, распавяла ім БНР, пра сьвята, чытала вершы Ніла Гілевіча, сьпявала песьню «Чорная зграя топча Айчыну». Прасілі пасьпяваць яшчэ. Але я адказала, што сьпяваю не для іх, а такім чынам «масажую клеткі галаўнога мозгу, каб ня страціць прытомнасьць», — кажа Багінская.
Ніна Багінская прымусіла міліцыянтаў адчыніць дзьверы і акно, бо ёй душна, так што сядзелі на скразьняку, а яна была ў паліто. Расказала, як у яе забіраюць палову пэнсіі на штрафы. Прачытала лекцыю пра беларускую мову, пра геалёгію, сваю асноўную спэцыяльнасьць.
На думку Багінскай, міліцыянты проста цягнулі час, чакалі загаду кіраўніцтва, што зь ёй рабіць далей. Паведамілі таксама, што яе выратавалі ад сур’ёзнага затрыманьня, бо на плошчы Якуба Коласа ўсіх забралі.
На сьвята не пасьпела
Адпусьцілі жанчыну а палове на восьмую вечара. На сьвяткаваньне да Опэрнага тэатру спадарыня Багінская не пасьпела, але ўвечары пайшла да Чырвонага касьцёла зь бел-чырвона-белым сьцягам, там яшчэ памалілася за палітычных зьняволеных.
Там таксама АМАП спрабаваў прымусіць яе прыбраць «флаг». Багінская ім таксама патлумачыла, што гэта «сьцяг, а ня флаг», расказала пра сьвята — 100-годзьзе БНР. Пасьля перамоваў па рацыі ад яе адчапіліся.
Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018
Санкцыянаванае ўладамі «Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.