Нягледзячы на тое, што сьвяточныя мерапрыемствы ў гонар 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі дазволеныя практычна па ўсёй Беларусі, напярэдадні і ўдзень 25 сакавіка ў Беларусі праходзяць прэвэнтыўныя затрыманьні.
Абноўлена, 15:25: Паводле праваабаронцаў, у рэгіёнах Беларусі (акрамя Менску) каля 30 затрыманых 25 сакавіка. Затрыманьні праходзяць з розных прычынаў: іх тлумачаць як наўпрост арганізацыяй акцыяў, так і «праверкай дакумэнтаў» або падазрэньнямі ў перавозцы наркотыкаў.
Абноўлена, 14:20: Затрыманьні ў рэгіёнах працягваюцца. Затрыманы на машыне віцебскі незалежны журналіст Уладзімер Лунёў. Па вэрсіі міліцыі, у яго «праблемы з нумарамі». Лунёў знаходзіцца ў Першамайскім РАУС Віцебску. Журналістка з Глыбокага Тацяна Смоткіна піша на Facebook: «Сяджу ў Лепельскім РАУСе. Спынілі, бо ехалі з бел-чырвона-белым сьцягам у машыне».
Абноўлена, 13:50: У Савецкім РУУС карэспандэнту Свабоды паведамілі, што затрыманых на плошчы Якуба Коласа ў Менску, дзе ўлады забаранілі мітынг-шэсьце, прывезьлі да іх. Але даваць інфармацыю што да колькасьці ці прозьвішчаў затрыманых дзяжурны міліцыянт адмовіўся. Паводле зьвестак Свабоды і праваабаронцаў, затрымана ад 30 да 50 чалавек.
Абноўлена, 13:15: Алесь Лагвінец паведаміў, што ў Слуцку затрыманы актывіст Аляксандр Залатар. Ён затрыманы перад санкцыянаваным канцэртам, быў у машыне разам з апаратурай, якая мусіць быць на сьвяце.
Абноўлена, 12:55: Мікола Статкевіч у ЦІП на вуліцы Акрэсьціна, піша Naviny.by са спасылкай на ягоную жонку Марыну Адамовіч. Ён будзе адбываць 10 сутак адміністратыўнага арышту за адну з акцый, якая прайшла яшчэ ўвосень 2017 года. Жонка Статкевіча не выключае, што пад арыштам ён можа быць і больш працяглы тэрмін, бо супраць яго складзены яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, рашэньня суду па якім пакуль няма.
Абноўлена, 12:35: Паводле «Вясны», у Менску затрыманыя:
Каля ЦУМа: Валянцін Троцкі, Рыгор Пагарцаў, Фурс. На плошчы Якуба Коласа: назіральнікі Максім Кавалёў, Тацяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова, Наста Лойка (магчыма, таксама Зьміцер Салаўёў); журналісты Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў, актывісты Сяргей Спарыш, Алена Талстая, Андрэй Пракаповіч, Вольга Мікалайчык, журналістка Любоў Лунёва, прадпрымальнік Сяргей Балыкін і іншыя — агулам ад 30 да 50 чалавек..
Абноўлена, 12:25: Затрыманы жыхар Віцебску Мікола Качурэц, які выйшаў да помніка князю Альгерду зь бел-чырвона-белым сьцягам. Зараз ён знаходзіцца ў Кастрычнікі РАУС. Аршанскі актывіст Генадзь Шэпелеў фатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сьцягам каля помніка Караткевучу ў Воршы. Да яго падышлі міліцыянты і перапісалі асабістыя дадзеныя. Потым патэлефанавалі і загадалі зьявіцца ў пастарунак па месцы жыхарства — у Барані. Віцяблянін Уладзімер Булаўскі паведаміў у Фэйсбуку, што дваіх віцебскіх школьнікаў, якія паехалі ў Менск на сьвяточныя імпрэзы, паставілі на ўлік у інспэкцыю па справах непаўналетніх.
Абноўлена, 12:20: Затрыманая група назіральнікаў «Вясны».
Абноўлена, 12:15: На Якуба Коласа ў Менску затрымана каля 30 чалавек. Затрыманьні адбываюцца адвольна, але не брутальна. Тым часам затрыманыя таксама супрацоўнікі «Белсату» Андрусь Козел, Ігар Ільяш і Кацярына Бахвалава.
Абноўлена, 12:10: Паводле некаторых зьвестак, Мікола Статкевіч у Ленінскім РУУС Менску.
Абноўлена, 12:05: На плошчы Якуба Коласа ў Менску першыя затрыманьні, каля 20 чалавек. Праваахоўнікі затрымалі тых, хто спрабаваў пранесьці на плошчу бел-чырвона-белыя сьцягі, «для высьвятленьня асобы». Падобна, затрымліваюць таксама выпадковых мінакоў. Паплечнікі Міколы Статкевіча падавалі заяўку на шэсьце з плошчы, улады забаранілі мерапрыемства.
Абноўлена, 11:35: Актывіст Беларускага нацыянальнага кангрэсу з Віцебску Ўладзімер Кійко паведамляе, што заблякаваны людзьмі ў цывільным у сваёй кватэры. Ля пад'езда стаіць машына УАЗ. Напярэдадні ён зьвяртаўся да мясцовых уладаў па дазвол на сьвяточную акцыю — на шэсьце па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерду да помніка пісьменьніку-земляку Ўладзімеру Караткевічу. Акцыя была забаронена.
Абноўлена, 11:05: У Слоніме затрыманы актывіст, які зьбіраўся ехаць у Менск на сьвяты: Івана Бедку затрымалі побач з ягоным домам. Аб гэтым ён паведаміў Свабодзе праз тэлефон. Паводле Бедкі, ён выйшаў з дому і накіроўваўся на маршрутку з тым, каб ехаць у Менск на сьвяткаваньні 100-годдзя БНР.
Абноўлена, 10:55: Паводле непацьверджаных зьвестак, Мікола Статкевіч затрыманы ля свайго дома.
Яшчэ 23 сакавіка міліцыя затрымала шэсьць прыхільнікаў забароненага маршу ў Менску. Ініцыятар заяўкі на марш Мікола Статкевіч на момант публікацыі не затрыманы, але не выходзіць з дому: сьцьвярджае, што яго пільнуюць «людзі ў цывільным», гатовыя затрымаць.
Зранку 25 сакавіка міліцыя затрымала кіраўнікоў БХД Яўгена Анішчанку, днём раней – Таісію Кабанчук. Таксама ў Мар’інай Горцы затрыманы паэт Славамір Адамовіч. «Людзі ў цывільным» пільнуюць актывістку Вольгу Мікалайчык. Да калекцыянэра і фатографа Сяргея Мазура з Мар'інай Горкі, піша Павал Севярынец, «ломяцца дахаты».
Паводле зьвестак Свабоды, пад Магілёвам ля вёскі Сумарокава затрымалі 11 чалавек, якія ехалі ў Менск на канцэрт. Іхную машыну спынілі міліцыянты і заявілі, што ёю перавозяцца наркотыкі. Як паведамляюць затрыманыя, зь імі абыходзяцца зьняважліва. Вязуць трыма машынамі ў магілёўскі раённы аддзел міліцыі.