Радыё Свабода публікуе тэкст Уладзіслава Чачоткіна, дасланы на конкурс «100 словаў да 100-годзьдзя БНР».
Лісты з-пад шыбеніцы — агульная назва лістоў, напісаных Кастусём Каліноўскім падчас сьледзтва перад павешаньнем 22 сакавіка 1864 году.
Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй!
Браты мае, мужыкі родныя.
Я, звычайны грамадзянін Рэспублікі Беларусь,
Дбаючы аб долі нашага кутка,
Крыўдуючы за краіну, не спрабуючы быць героем,
Зыходзячы з адказнасьці за цяперашні стан і будучыню Беларусі,
Грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэньне,
Абапіраючыся на ўсе вякі гісторыі разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці,
Імкнучыся зацьвердзіць правы і вольнасьці кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь,
Намагаючыся ўдыхнуць волі і бяз страху ўстаць у поўны рост,
Жадаючы забясьпечыць грамадзянскую згоду,
Непахісныя ўстоі народаўладзьдзя і прававой дзяржавы,
Канстатую:
Народзе,
Тагды толькі зажывеш шчасьліва,
Калі ў родным краю над табою
Ні брусэльскіх паноў,
Ні маскоўскіх камуністаў ужо
Ня будзе.
Праграміст зь Менску Ўладзіслаў Чачоткін ахвяраваў на сьвяткаваньне 100 год БНР 2500 рублёў. Свой удзел у краўдфандынгу ён патлумачыў прыналежнасьцю да Беларусі і жаданьнем удзельнічаць у жыцьці грамадзтва. Прыклад Чачоткіна натхніў іншага айцішніка — Барыса Яўсеенку. Той ахвяраваў 2555 рублёў, на дадзены момант гэта найбольшы ўнёсак у краўдфандынг ад прыватнай асобы.
Радыё Свабода абвясьціла конкурс «100 словаў да 100-годзьдзя БНР»
Дасылайце на bnr100slovau@gmail.com свае думкі, уражаньні, нататкі і кароткія эсэ, прысьвечаныя стагодзьдзю БНР. Найлепшыя тэксты будуць апублікаваныя на сайце Радыё Свабода, іх аўтары атрымаюць падарункі:
- 1 месца — электронная кніга Amazon Kindle;
- 2 месца — швэдар symbal.by.
- 3 месца — вышыванка symbal.by (жаночая ці мужчынская).
Пераможцы будуць названыя 25 сакавіка, у дзень 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Фармат «100 словаў» для хуткага рытму жыцьця сучаснага чытача зьявіўся на Радыё Свабода ў 2014 годзе. Цягам больш як трох гадоў аўтары дасылалі на Свабоду свае тэксты, найлепшыя зь якіх публікаваліся на сайце і ўвайшлі ў кнігу «100 словаў» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды».