27 сакавіка Вярхоўны суд пачне разгляд крымінальнай справы, сьледзтва ў якой на кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі.
Два месяцы таму падчас сустрэчы са старшынём Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Андрэем Шведам кіраўнік дзяржавы сказаў, што «дапамог раскрыць» крымінальную справу аб забойстве ў 2009 годзе жыхаркі Магілёўскай вобласьці.
Паводле Лукашэнкі, да яго зьвярнуліся простыя людзі з Магілёўскай вобласьці, бацькі жанчыны, забітай у 2009 годзе. Лукашэнка папрасіў даслаць матэрыялы і апэратыўна вырашыў праблему.
Пазьней Генпракуратура паведаміла, што «пасьля завяршэньня новага папярэдняга расьсьледаваньня» вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду быў адменены, а крымінальная справа накіраваная на паўторны разгляд у Вярхоўны суд.
«Канваяваў зьняволеных, вучыўся на міліцыянта». Бацька забітай магіляўчанкі пра справу, якую «раскрыў» Лукашэнка
Дамогся перагляду справы бацька забітай Леанід Сьляпнёў. Пасьля бясплённых спробаў дамагчыся пакараньня забойцы ён зьвярнуўся да Лукашэнкі, каб той дапамог аднавіць справядлівасьць. Днямі Леанід Сьляпнёў атрымаў позву зь Вярхоўнага суду. У ёй паведамляецца, кажа ён, што разгляд справы пачнецца 27 сакавіка. Разам зь ім на суд паедзе і ўнук, сын забітай дачкі.
«Спадзяюся, што будзе пастаўлена кропка ў справе і справядлівасьць запануе. Я ніколі б і не падумаў, што пад старасьць гадоў мне давядзецца так доўга яе дамагацца», — сказаў карэспандэнту Свабоды Леанід Сьляпнёў.
Вядома, што пасьля ўмяшаньня ў справу Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу затрымалі 32-гадовага Юрыя Іванова, якога ў 2010 годзе апраўдаў Магілёўскі абласны суд. Службовай машынай яго даставілі ў Беларусь «зь мяшком на галаве». Пакуль вялося сьледзтва, утрымлівалі ў менскай турме КДБ. Расьсьледаваньне крымінальнай справы завяршылі 31 студзеня. Мужчыну вінавацяць у забойстве з асаблівай жорсткасьцю.
Забойства, якое «дапамог раскрыць» Лукашэнка: падазраваны нанёс 50 удараў нажом
У Магілёве жыве маці падазраванага. Ад гутаркі з карэспандэнтам Свабоды яны адмовілася, але сказала, што «сын не вінаваты».
Паводле вэрсіі сьледзьва абвінавачаны жорстка забіў 38-гадовую жанчыну, нанёсшы ёй 41 траўму нажом. Уцякаючы зь месцы злачынства, уключыў газ у доме забітай са спадзевам, што ён выбухне.
Паводле бацькі забітай, апэратыўнікі дапыталі на датычнасьць да забойства блізу дзясятка знаёмых дачкі. 9 лютага 2009 году ў міліцыю выклікалі і Юрыя. Як сказана ў матэрыялах справы, «для зьняцьця адбіткаў пальцаў». Міліцыянты прапанавалі мужчыну прайсьці выпрабаваньне на паліграфе. Дэтэктар і паказаў, што Юры мае дачыненьне да забойства. Была выпісаная пастанова на яго арышт. Менш як праз суткі прызнаўся ў забойстве.
Ад свайго прызнаньня адмовіўся ў судзе, што агаварыў сябе пад ціскам сьледчых. Судзьдзя Сьвятлана Аксёненка ў сваім выраку адзначыла мноства парушэньняў, зробленых апэратыўнікамі ў ходзе расьсьледаваньня. Затрыманьне падазраванага яна палічыла незаконным, бо яно не было належным чынам аргумэнтавана. Спасылкі сьледчых на нормы законаў былі памылковымі. Абвінавачванага вызвалілі ў залі суду, а пазьней выплацілі кампэнсацыю. Пасьля суду мужчына жыў у Расеі і зрэдку наведваўся ў Магілёў. Прэтэнзіяў з боку праваахоўнікаў да яго не было.
У Вярхоўным судзе на запыт Радыё Свабода адказалі, што інфармацыяй пра суд над Юрыем Івановым ня маюць.