Хлопца пазбавілі бацькоўскай спадчыны — у адказ той намовіў сябра кінуць «кактэйль Молатава» ў натарыяльную кантору

Суд Маскоўскага раёну, архіўнае фота

У судзе Маскоўскага раёну сталіцы завяршаецца працэс над юнакамі, адзін зь якіх падбухторыў другога кінуць бутэльку з бэнзінам у офіс натарыюса. Была пашкоджана маёмасьць, у жылым доме ледзь не пачаўся пажар. 19 сакавіка ў судзе адбыліся судовыя спрэчкі.

Справа аб бацькоўскай спадчыне

На лаве падсудных 18-гадовы Ігнат Л. і ягоны непаўналетні сябар Даніла Н. Гэта яны сталі фігурантамі справы аб нападзе на натарыяльную кантору № 2 Маскоўскага раёну Менску, што на вуліцы Ясеніна. Сюды ў ноч на 21 верасьня мінулага году заляцела бутэлька з падпаленым кнотам. Разьбіла шкло, упала на падлогу. Пачаўся невялікі пажар, які давялося заліваць нараду МНС. У выніку аказалася пашкоджанай маёмасьць натарыяльнай канторы: квадратны мэтар лінолеуму, мэбля, дзьверы, паперы. Нанесеныя страты сьледзтва ацаніла ў 4630 рублёў.

Кідаў «кактэйль Молатава» ў натарыяльную кантору непаўналетні Даніла Н., які ў судзе віну ў гэтым прызнаў. Пры гэтым, як даводзіць сьледзтва, асабістых матываў для злачынства хлопец ня меў, яго на гэты ўчынак падгаварыў сябар — Ігнат Л. Той нібыта хацеў адпомсьціць натарыюсу з 2-й Маскоўскай натарыяльнай канторы. Як меркаваў Ігнат Л., натарыюс нібыта быў у змове зь людзьмі, якія пазбавілі яго бацькоўскай спадчыны.

У выніку Ігната Л. вінавацяць у шэрагу злачынстваў, у тым ліку замаху на наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці, уцягваньне ў злачынства непаўналетняга, хуліганства. На сьледзтве хлопец прызнаваў віну, але не пагаджаўся, што ўцягваў сябра ў злачынства. Але ў апошнім слове прызнаў усё, павініўся і папрасіў прабачэньня ня толькі ў пацярпелых і бацькоў, але і ў суду.

У маіх плянах атрымаць адукацыю, добрую працу, завесьці сям’ю, пабудаваць дом

«У маіх плянах атрымаць адукацыю, добрую працу, завесьці сям’ю, пабудаваць дом», — казаў суду Ігнат Л. і абяцаў, што ніколі больш ня зробіць нікому ніякай шкоды. Але ці ёсьць у яго цяпер шанец хутка вярнуцца ў нармальнае жыцьцё?

Пракурор Раман Бізюк мяркуе, што Ігната Л. варта пакараць 8 гадамі зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У спрэчках пракурор казаў, што падсудны, на ягоную думку, не раскаяўся ва ўчыненым.

Пры вызначэньні пакараньня для Данілы Н. пракурор прасіў улічыць, што раней той быў судзімы і новае злачынства ўчыніў падчас адбыцьця ўмоўнага пакараньня. Для непаўналетняга Данілы Н. пракурор папрасіў 6 гадоў і 1 месяц у выхаваўчай калёніі.

«Ён сутыкнуўся зь несправядлівасьцю занадта рана»

Адвакат Тацяна Сямешка націскала на памылкі сьледзтва ў кваліфікацыі ўчынкаў яе падабароннага Ігната Л. і прасіла суд апраўдаць хлопца па абвінавачаньні ва ўцягваньні непаўналетняга ў злачынства. «Бо ня ведаў узросту». Галоўнае, чаго прасіла адвакат, — каб не ўжывалі да яго зьняволеньня, абмежаваліся «хіміяй». Чалавечая драма, якую перажыў 18-гадовы хлопец, вартая, каб праявіць да яго міласьць, даводзіла абаронца.

«Малады чалавек рос без бацькоў. Ён сутыкнуўся зь несправядлівасьцю, бо яго незаконна пазбавілі спадчыны, якая засталася ад памерлага бацькі. На яго думку, да гэтага меў дачыненьне натарыюс. Гэта было зарана. Боль быў такі вялікі, што ён ня змог выбраць, як дакладна адрэагаваць. Тое, што зрабіў — гэта хлапечае блазенства».

Тацяна Сямешка казала суду, што за 20 гадоў адвакацкай практыкі ня мела падабароннага з такой колькасьцю грамат і падзяк.

Абаронца падсуднага Данілы Н. таксама мяркуе, што хлопца ня варта саджаць за краты. Паводле абаронцы, Даніла не захоўваў прыстасаваньне з гаручым рэчывам і ня думаў атрымаць нейкую карысьць. Проста праявіў юнацкі максымалізм.

Таксама адвакат аспрэчыла суму стратаў, прызнаных сьледзтвам. Паводле абаронцы, у адвакацкай канторы адбылося невялікае ўзгараньне кнота і задымленьне, але пажару не было. 4,5 тысячы рублёў стратаў — занадта вялікая і нічым не даказаная сума, лічыць адвакат.

Страты нанёс ня толькі агонь. Пажар — гэта таксама задымленьне, закурэньне

6 гадоў і 1 месяц зьняволеньня, як мяркуе абаронца, таксама занадта суворае пакараньне для юнака, якому на момант злачынства было ўсяго 16 гадоў. Абаронца таксама прасіла суд улічыць станоўчыя характарыстыкі хлопца, дадзеныя ў школе і спартовых гуртках.

Прадстаўнік абвінавачаньня ў спрэчках выступіў двойчы: зноў нагадаў суду, што падсудныя ўхіляліся ад прызнаньня сваёй віны, то прызнавалі нешта, то зноў аспрэчвалі, не давалі шчырых паказаньняў. Адносна пашкоджанай маёмасьці пракурор заявіў, што ўсю суму стратаў абвінавачаныя пакуль не пакрылі. «Страты нанёс ня толькі агонь. Пажар — гэта таксама задымленьне, закурэньне».

Між тым перад пачаткам судовых спрэчак сваякі абвінавачанага Ігната Л. кампэнсавалі страты, якія вызначыла сьледзтва — маці падсуднага пералічыла больш за 4 тысячы рублёў. Яшчэ больш за 500 рублёў з боку абвінавачаных было кампенсавана да суду.

Ці быў «нэанацысцкі сьлед»?

У інтэрнэце зьяўляліся меркаваньні, што адзін з абвінавачных нібыта меў дачыненьне да нэанацыскай групоўкі ў асяродзьдзі футбольных фанатаў. Доказаў гэтаму ў судзе не прагучала.

«Гэта ўвогуле не дасьледавалася», — сказала карэспандэнту Свабоды крыніца, якая прысутнічала на судовых паседжаньнях.

Журналісты, якія асьвятлялі працэс, казалі пра напружаную абстаноўку, у якой ім давялося працаваць. У прыватнасьці, журналісты выслухалі ад бацькоў і сваякоў падсудных прэтэнзіі адносна таго, што яны ўвогуле зьвярнулі ўвагу на гэтую гісторыю. Маўляў, справа не павінна асьвятляцца, бо ў ёй фігуруе непаўналетні.

«Цяпер з-за вас мяне звольняць», — чамусьці наракаў на адрас мэдыяў бацька аднаго з падсудных.

У перапынку шмат хто з назіральнікаў за працэсам уголас казаў пра несправядлівасьць абвінавачаньня, але даць Свабодзе камэнтар і дакладна выказаць прэтэнзіі да сьледзтва сваякі Ігната Л. і Данілы Н. адмовіліся.

Прысуд юнакам будзе абвешчаны 21 сакавіка.

«Упершыню за паўтара года змагла абняць сына» — сваякі японскага мастака наведалі яго ў беларускай калёніі