Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 5,6% за студзень-люты 2018 году да аналягічнага пэрыяду летась, згодна са зьвесткамі Белстату.
Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2018 год» прагназуецца рост ВУП на 3,5%. На «пятую пяцігодку» (да 2020 году ўключна) Лукашэнка абяцаў рост ВУП на 12–15% пры росьце прадукцыйнасьці працы.
Міжнародныя арганізацыі таксама прагназуюць рост ВУП Беларусі ў наступным годзе, але МВФ занепакоены ростам замежнага і дзяржаўнага доўгу Беларусі, а ЭБРР раіць Беларусі заняцца банкамі, «камуналкай» і сапраўднымі рэформамі.
Валавы зьнешні доўг Беларусі за 2017 год вырас на 6,4%. Кожны беларус вінен замежным крэдыторам 4207 даляраў
У 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. Прагноз росту на 2017 быў меншы — 1,7%. ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016-ы.
Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за год ва ўсіх галінах эканомікі.