Сёлета пасьля некалькіх інцыдэнтаў Міністэрства транспарту і камунікацый залічыла ў «аварыйныя канструкцыі» масты ў пяці гарадах Беларусі. Усе яны збудаваныя паводле аднаго праекту ў 1980-я. Тым часам у Беларусі існуюць нашмат больш старыя масты, якія дагэтуль спраўна функцыянуюць. Свабода адшукала найстарэйшыя дзейныя канструкцыі ў кожнай вобласьці.
Горадзеншчына: найстарэйшы мост у Беларусі
Найстарэйшы ў Беларусі мост знаходзіцца на ўваходзе да Старога замку ў Горадні. Першыя згадкі пра яго як пра каменны мост сустракаюцца ў 1580–1590-х гадах, распавядае гісторык Ігар Трусаў. Менавіта гэтым часам датуюцца ягоныя апоры, якія дагэтуль стаяць на месцы. Яны былі зробленыя ў выглядзе каменнай скрыні, унутры якой знаходзіцца квадратная адтуліна, запоўненая пяском.
Першапачаткова насьціл быў драўляны, а ў XVIII стагодзьдзі яго замянілі на каменны. Каб ён не праваліўся пад сваёй вагой, у той жа час у апорах пабудавалі каменныя аркі.
Цікава, што на гравюры Цюнта (1568) гэты мост яшчэ драўляны, а на гравюры Макоўскага (1600) — ужо каменны.
На пачатку 2000-х гадоў праводзіліся дасьледаваньні моста, у тым ліку геарадарныя. Высьветлілася, што апоры на 6–9 мэтраў заглыбленыя ў грунт. Гэта значыць, большая частка моста месьціцца пад зямлёй, што, па-першае, пацьвярджае тое, што мост сапраўды старадаўні, а па-другое, сьведчыць, што, калі будавалі Новы замак, раўнавалі пляцоўку і моцна засыпалі яр каля яго.
Раней мост аб’ядноўваў дзьве каралеўскія тэрыторыі: замак і тэрыторыю будучага Новага замку, якая таксама належала каралю (з домам караля ды iншымi пабудовамi). Цяпер мост лучыць Стары і Новы замкі.
Найстарэйшы ў Беларусі чыгуначны мост пабудавалі ў Горадні ў 1866 годзе, як кажа гісторык Ігар Трусаў, для лініі Санкт-Пецярбург — Варшава.
Ён перакінуты цераз раку Нёман у раёне Падольнай вуліцы на правым беразе і Збажовай вуліцы на левым. Яго добра відаць з так званага Старога моста ў цэнтры гораду. Цяпер гэта адзіны дзейны чыгуначны мост у Горадні. Менавіта па ім праяжджаюць цягнікі на Польшчу.
Мост двойчы разбураўся ў Першую сусьветную вайну, пралёты падалі ў ваду. Нямецкія рабочыя спачатку аднавілі яго ў 1918 годзе з дапамогай часовых драўляных апор і з выкарыстаньнем старых. Канчаткова яго адбудавалі «за польскім часам» у 1926 годзе. Апоры збольшага засталіся з 1867 году. Цікава, што ў Другую сусьветную вайну мост не разбураўся.
Берасьцейшчына: мост ХІХ стагодзьдзя ля галоўнага вакзалу
Паводле спэцыялістаў ДУП «Белдарцэнтар», найстарэйшы мост на Берасьцейшчыне знаходзіцца ў абласным цэнтры, паблізу ад чыгуначнай станцыі Берасьце Цэнтральнае. Хаця адна зь ветак моста створана ў канцы ХІХ стагодзьдзя. Спэцыялісты ацэньваюць стан апораў і моста як «вельмі добры».
«Двойчы на год — увесну і ўвосень — праводзіцца камісійны агляд усіх штучных пабудоваў і дарог. Акрамя таго, штомесяц праводзіцца ацэнка ўзроўню ўтрыманьня дарог і пабудоваў. Калі здаецца новы аб’ект ці пасьля рэканструкцыі або рамонту, яго абсьледаваньне праводзіць спэцыялізаваная арганізацыя, у прыватнасьці ДУП «Белдарцэнтар». Пасьля гэтага выдаюцца адпаведныя заключэньні», — расказалі Свабодзе ў «Белдарцэнтры».
Віцебшчына: арачны мост у Воршы
Ці ня самы стары зь існых мастоў на Віцебшчыне — у Воршы. Ён ня мае назвы і збудаваны ў адзіным комплексе з былым вадзяным млыном у 1902 годзе.
Гэта аднапралётная арачная канструкцыя з чырвонай цэглы на бутавым падмурку.
Паводле «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», мост мае «парапэт са стральчатымі праёмамі, картушавыя шчыты па баках аркі», якія «надаюць збудаваньню псэўдагатычныя рысы».
Стары мост цераз штучны канал, які злучае рэчку Аршыцу з Дняпром, мае ў даўжыню ня больш за 20 мэтраў, але дагэтуль функцыянуе — па ім курсуе аўтамабільны транспарт. Але няма ходнікаў: для мінакоў паралельна пабудаваны новы мост.
Найстарэйшы ў Віцебску Кіраўскі мост злучае вуліцы Кірава і Замкавую, падзеленыя Дзьвіной. Даўжыня моста — 236 мэтраў, год пабудовы — 1955. Мост трохпралётны, зь бесшарнірнымі аркамі з маналітнага жалезабэтону.
Першы мост на гэтым месцы паўстаў у далёкім 1867 годзе — 4-пралётны, 223-мэтровы. Быў разбураны падчас апошняй вайны.
Узьвядзеньне сёньняшняга моста пачалося пасьля вайны і расьцягнулася на доўгія 10 гадоў. Атрымаў назву «Кіраўскі» ў гонар савецкага дзяржаўнага дзеяча. Мост мае чатырохпалосную праезную частку, з аднаго боку пачатак моста адзначаны дэкаратыўнымі калёнамі зь ліхтарамі, з другога — дэкаратыўнымі тумбамі.
Гомельшчына: 116-гадовы мост у Рагачове
Найстарэйшы мост на Гомельшчыне пабудаваны ў 1901 годзе цераз раку Друць у Рагачове — ён чыгуначны, паведамілі Свабодзе ў Гомельскім аддзяленьні Беларускай чыгункі. Мост і цяпер зьвязвае Рагачоў з Быхавам і Магілёвам на лініі Санкт-Пецярбург — Магілёў — Гомель — Чарнігаў. Плянавы рамонт моста прадугледжаны ў 2018 годзе.
У 1915 годзе быў пабудаваны найдаўжэйшы чыгуначны мост у Мазыры цераз Прыпяць: на лініі Калінкавічы — Оўруч, у больш шырокім геаграфічным разуменьні — на лініі Санкт-Пецярбург — Адэса. Мост гэты рамантаваўся ў 2005 годзе, але асноўныя яго канструкцыі — мэталёвыя фэрмы, апоры — засталіся. Для чыгуначных мастоў тэрмін службы складае 100 гадоў.
Магілёўшчына: 100-гадовы масток пасярэдзіне панэўрапейскай магістралі
Найстарэйшаму мосту Магілёўшчыны 117 гадоў. Невялікае збудаваньне за дваццаць кілямэтраў ад абласнога цэнтру дзеліць амаль папалам панэўрапейскую магістраль E95. Ад мастка да расейскага Санкт-Пецярбургу — 785 кілямэтраў, да ўкраінскай Адэсы — 912. На беларускіх мапах магістраль пазначаная М8. Яна злучае Віцебшчыну з Гомельшчынай.
Найбліжэйшае да моста паселішча — вёска Гадылёва, вядомая сваім торфаперапрацоўчым заводам і аблюбаваным рыбакамі возерам.
Паводле зьвестак прадпрыемства «Магілёўаўтадар», мост пабудавалі ў 1900 годзе. Яго апорныя сьцены і падмурак з высечаных каменных блёкаў аўтэнтычныя. Старое ж дарожнае палатно замянілі на жалезабэтонную пліту з асфальтавым пакрыцьцём. Сучасныя патрабаваньні да дарогі вымаглі пашырэньня праезнай часткі і самога моста. Ён «вырас» з 6 мэтраў да 12 з паловай і вытрымлівае нагрузку 85 тон.
Капітальны рамонт збудаваньня праводзіўся напярэдадні стогадовага юбілею — у 1999 годзе.
У даўнейшыя часы мост злучаў берагі невялікай рачулкі. Яна перасохла і толькі ўвесну пасьля сьнежнай зімы нагадвае пра сябе.
Лясныя жывёлы карыстаюцца праходам пад мостам, каб пазьбегнуць небясьпекі ад машын на шашы.
Непадалёк ад моста — будынак былой паштовай станцыі. Некалі пры дарозе іх было нямала. Раней падарожнікі на такіх дварах мянялі коней ды спыняліся на адпачынак.
Менск: сьлед першага чыгуначнага моста
Лічыцца, што першы менскі мост быў перакінуты цераз правы рукаў ракі Нямігі і злучаў Менскі замак і гандлёва-рамесны пасад. Ён не захаваўся.
Паводле Музэю гісторыі Менску, найстарэйшы на сёньня мост у сталіцы знаходзіцца на праспэкце Незалежнасьці, пабудаваны цераз раку Сьвіслач (каля плошчы Перамогі). Пабудаваны паводле праекту архітэктараў Парусьнікава і Баданава ў 1952 годзе. Даўжыня моста складае 88 мэтраў, шырыня — 34. Мост мае тры пралёты, рэчышча ракі было перакрыта трохшарнірнымі скляпеньнямі, набярэжныя — двума пралётамі. Агароджа моста літая чыгунная.
Цікава, што мост цераз Сьвіслач на гэтым месцы адзначаны яшчэ на гарадзкім пляне 1793 году, называўся ён Захар’еўскім, ад назвы вуліцы, на якой знаходзіўся. Мост быў драўляны і неаднаразова рэканструяваўся, апошні раз — у 1898 годзе, калі па ім праклалі рэйкі конкі. У сьнежні 1913-га гарадзкая дума пастанавіла замяніць драўляны Захар’еўскі мост на жалезабэтонны. Ён не перажыў апошняй вайны.
Найстарэйшы менскі чыгуначны мост, аднапралётны, уваходзіць у Лібава-Роменскую чыгунку, вядомы яшчэ як «Заходні». Ён зьявіўся над цяперашняй вуліцай Маскоўскай у 1890-я гады.
У міжваенны час быў пашыраны, перажыў вайну, а ў сярэдзіне 1950-х яшчэ адну грунтоўную рэканструкцыю з пашырэньнем.
Паводле адной з вэрсій, у аснове мосту дагэтуль стаяць
Самы старадаўні мост у Менскай вобласьці знаходзіцца на аўтадарозе Нарач — Вярэнькі ў Мядзельскім раёне. Пабудова 1932 году мае даўжыню 9,5 мэтра.