У менскім парку імя Янкі Купалы 13 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага знаку ў гонар ідэолягаў беларускай дзяржаўнасьці Антона і Івана Луцкевічаў. Помнік адкрывала стрыечная пляменьніца Луцкевічаў, Маргарыта Сяргееўна Пярова.
«Я вельмі ўдзячная тым, хто ажыцьцявіў маю мару. Маёй шматгадовай марай была хоць нейкая адзнака прысутнасьці братоў Луцкевічаў у гэтым месцы», — адзначыла яна.
Першапачаткова памятны знак плянавалі паставіць трошку лявей, на другаснай алеі, але туды ня змог пад’ехаць кран. І знак паставілі менавіта пад таполяй, якая расла каля дома Луцкевічаў.
Аўтары памятнага знаку — заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, прафэсар міжнароднай акадэміі архітэктуры Юры Градаў і скульптар сябра Беларускага саюза мастакоў Канстанцін Селіханаў.
У ранейшым інтэрвію Свабодзе Маргарыта Пярова расказала, што ўстаноўка памятнага знаку рабілася агульнымі намаганьнямі нашчадкаў Луцкевічаў, музэю імя Янкі Купалы, ЗБС «Бацькаўшчына», Міністэрства замежных спраў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Фінансаваў праект і ўстаноўку Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт.
Да Другой усясьветнай вайны на месцы парку Янкі Купалы была жылая забудова. Браты Луцкевічы пераехалі ў Менск зь Лібавы ў 1896 годзе і жылі на тагачаснай Садовай вуліцы. Тут, каля цяперашняга Купалаўскага музэю, стаялі дамы іхнай сям’і.
Антон і Іван Луцкевічы ўваходзілі ў першую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Антон Луцкевіч быў адным з ініцыятараў Трэцяй Устаўной граматы БНР ад 25 сакавіка 1918 году, паводле якой дзяржава абвясьціла сваю незалежнасьць.
Адкрыцьцё памятнага знаку пачатак сьвяткаваньняў 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас цырымоніі адкрыцьця старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў запрасіў усіх прысутных на канцэрт ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка.