Каго ў Беларусі пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. ІНФАГРАФІКА

Вярхоўны суд Беларусі апублікаваў статыстыку судовых спраў аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў.

У 2017 годзе бацькоўскіх правоў былі пазбаўленыя 3072 чалавекі, у 2016 годзе — 3014. Колькасьць дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі адпаведных правоў, склала 3531, у 2016 годзе — 3448. Паводле судовай статыстыкі, найчасьцей заставаліся без апекі бацькоў падлеткі ва ўзросьце ад 14 да 17 гадоў — такіх было 702.

Усяго суды Беларусі разгледзелі 2880 спраў аб пазбаўленьні бацькоўства, зь іх толькі 261 выракаў задаволілі патрабаваньні бацькоў. Рашэньні аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў абодвух бацькоў былі вынесеныя ў 448 выпадках.

Часьцей бацькоўскіх правоў пазбаўляюць мужчын — 1896 рашэньняў. Летась бацькоўскіх правоў пазбавілі 1176 жанчыну, гэта 38% ад агульнай лічбы.

Сярод асобаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў летась, 35 — ва ўзросьце да 20 гадоў. Ад 21 да 25 гадоў — 191 чалавек, ад 26 да 30 гадоў — 567, ад 31 да 25 гадоў — 770, ад 36 да 40 гадоў — 780, ад 41 гадоў і старэйшыя — 729 бацькоў.

У 2017 годзе суды разгледзелі 272 справы аб аднаўленьні бацькоўскіх правоў, у 161 выпадку рашэньні былі вынесеныя на карысьць бацькоў. У выніку летась 169 асобаў (62% ад усіх просьбітаў) былі адноўленыя ў бацькоўскіх правах.