Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС распрацуе закон, які забароніць біць дзяцей і ўвядзе адказнасьць за дамаганьні


У Беларусі будзе распрацаваны закон аб прафіляктыцы гвалту ў сямʼі. Пра гэта парталу tut.by сказаў начальнік управы прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Алег Каразей.

Паводле распрацоўшчыкаў закону, у ім зьявяцца такія паняцьці, як «дамаганьне» і «эканамічны гвалт», а таксама будзе ўведзена забарона біць дзяцей. Але хіба цяпер біць дзяцей закон дазваляе?

Простай забароны біць дзяцей у законе няма

Паводле Алега Каразея, у беларускіх законах няма непасрэднай забароны ўжываць да дзяцей меры фізычнага ўзьдзеяньня. Такое змаўчаньне перашкаджае змагацца з гэтай зьявай.

«У законе „Аб правах дзіцяці“, які прыняты на пачатку 90-х гадоў, напісана так: тыя, каму стала вядома пра сытуацыю, калі адносна дзяцей ужываюць гвалт, небясьпечны для іх жыцьця, здароўя і разьвіцьця, павінны паведаміць пра гэта кампэтэнтным органам. То бок у нас закон дапускае: калі гвалт бясьпечны, дык паведамляць ня трэба. Але хто можа сказаць, небясьпечны ўдар ці не?» — кажа адмыслоўца і прыводзіць наступную статыстыку злачыннасьці адносна дзяцей.

  • 50% дзяцей узростам ад 5 да 9 гадоў былі ахвярамі псыхалягічнага ціску (зьвесткі 2012 году),
  • кожнае другое дзіця цярпіць ад фізычнага гвалту.
  • у 2016 годзе было зафіксавана 82 выпадкі гвалту адносна дзяцей у сям’і, у тым ліку 24 з пагрозай для жыцьця дзіцяці.
  • штогод у міліцыі атрымліваюць каля 150 тысяч званкоў пра хатні гвалт, але з прычыны недапрацаваных законаў каля 100 тысяч выпадкаў не сканчаюцца пакараньнем вінаватага.

Калі лічыць дамаганьне злачынствам

МУС лічыць, што трэба вырашаць праблемы сэксуальнага дамаганьня. Паводле Стамбульскай канвэнцыі, дамаганьнем лічацца як фізычныя дзеяньні (абдымкі, шчыпкі, паляпваньні), так і вэрбальныя (пошлыя гісторыі ці жарты), а таксама непрыстойныя жэсты.

Прыкметай злачынства «дамаганьне» лі́чыцца сыстэматычнасьць такіх дзеяньняў. Але як быць, калі «агрэсар» скажа, што проста шмат разоў аказваў ахвяры дамаганьняў «знакі ўвагі»?

«Калі ахвяра дала зразумець, што такія паводзіны непрымальныя, дык іх паўтарэньне павінна прадугледжваць адказнасьць», — тлумачыць Алег Каразей.

Калі будзе прыняты новы закон

Законапраект аб прафіляктыцы гвалту ў сям’і ўключаны ў плян падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год. Увесну плянуецца распрацаваць канцэпцыю законапраекту, а ў 2019 годзе — прыняць закон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG