Першае золата на Паралімпіядзе Беларусі прынесла Сьвятлана Саханенка

Сьвятлана Саханенка і Раман Яшчанка на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане

12 сакавіка на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане беларуска Сьвятлана Саханенка перамагла ў лыжнай гонцы на 15 кілямэтраў у катэгорыі В2 для атлетаў з парушэньнем зроку.

Гэта першае золата ў скарбонцы беларускай каманды паралімпійцаў. Цяпер у беларускіх атлетаў 6 мэдалёў — 1 золата, 3 срэбры і 2 бронзавыя мэдалі.

Сьвятлана Саханенка з Наваполацку, ёй 28 гадоў. Гэта яе другі мэдаль на Паралімпійскіх гульнях ў Паўднёвай Карэі. Раней Сьвятлана Саханенка была трэцяй у біятлённым спрынце на дыстанцыі 6 км.

Вядоўцам Сьвятланы Саханенкі ў пераможнай гонцы на 15 кілямэтраў быў Раман Яшчанка.

Паралімпіяда ў Пхёнчхане ўрачыста адкрылася 9 сакавіка і працягнецца да 18 сакавіка. Ад Беларусі ў ёй бяруць удзел 15 атлетаў, якія выступяць у дзьвюх дысцыплінах — біятлёне і лыжных гонках.

На мінулай Паралімпіядзе ў Сочы беларускія паралімпійцы заваявалі 3 бронзавыя мэдалі.