У Берасьці падалі заяўку на правядзеньне 25 сакавіка мітынгу і вулічнага фэсту ў цэнтры гораду з канцэртам, пляцоўкамі рамесьнікаў, майстар-клясамі і фатазонамі.
У Берасьцейскі аргкамітэт па ўшанаваньні 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ўваходзяць 16 суб’ектаў: структуры палітычных партый, грамадзкія арганізацыі, валянтэрскія ініцыятывы і мясцовыя бізнэсоўцы.
Як апавёў кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі, які ад імя аргкамітэту падаваў заяўку на правядзеньне фэсту, «сьвята будзе цікавай і запамінальнай падзеяй для берасьцейцаў».
«Круглая дата, 100 год з дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі настройвае на сьвяточны лад. І мы рыхтуем сапраўднае сьвята — канцэрт, розыгрышы прызоў ад нашых партнэраў, знаёмства зь беларускімі рамесьнікамі і грамадзкімі арганізацыямі, мора пазытыву і сьвяточнай сымболікі, — кажа спадар Шыманскі.
Яшчэ адзін зь сябраў аргкамітэту, кіраўнік абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі, спадзяецца на аб’яднаньне грамадзкасьці вакол гэтай падзеі. Ён заклікаў прадстаўнікоў уладаў далучыцца да ўдзелу.
Берасьцейскі аргкамітэт рыхтуе праграму мерапрыемства і заклікае далучацца да падрыхтоўкі сьвята.
Летась у Берасьці было дазволенае шэсьце ў цэнтры гораду і мітынг на плошчы Свабоды на Дзень Волі. У той час, на тле «маршаў недармаедаў», гэта была першая дазволеная акцыя за 4 гады. Сёлета, кажуць арганізатары, шанцы на легальнае правядзеньне сьвята «вельмі высокія».