Маразы апошніх дзён і зьвесткі пра памерлых ад пераахаладжэньня — нагода ўспомніць бяздомнікаў, самую ўразьлівую катэгорыю насельніцтва ў гэтую пару.
Бадзягі ня раз станавіліся героямі сюжэтаў Свабоды. Наш карэспандэнт прайшоўся па старых «адрасах» бяздомнікаў, пра якіх пісала Свабода, каб высьветліць, як яны перажылі сёлетнюю сьцюжу, якія зьмены адбыліся ў іх жыцьці.
Ад халадоў уратавала бальніца
Магілёўскаму бадзягу Юрыю Іванавічу Барадуліну за восемдзесят. Па сьвеце ён бадзяецца пад тры дзясяткі гадоў. У канцы мінулай восені старога ледзь жывога знайшлі ля «ягонай бэтоннай трубы». У ёй бяздомнік жыў апошнія некалькі гадоў. Сёлетнія халады яму пашанцавала перабыць у адной з магілёўскіх бальніц.
Неабыякавыя да лёсу пажылога чалавека людзі спрабуюць аднавіць яго дакумэнты, каб аформіць у які прытулак. Тыя, хто ўзяўся ім апекавацца, кажуць, што гісторыя бадзяжніцтва старога ня скончаная, бо існуе нямала бюракратычных праблемаў. Беларускага грамадзянства ў Юрыя Іванавіча няма. Расейскага пашпарта таксама. Пэнсія не аформленая. Ёсьць, аднак, пазытыўныя навіны. Зь Пермскай вобласьці, радзімы Юрыя Іванавіча, лістом пацьвердзілі яго асобу.
Як стаў ён бяздомным, апавядае блытана. Зь ягоных слоў, на пачатку 1990-х з далёкага Ўралу прыехаў у Магілёў да сына. Сын купіў яму ў вёсцы дом, але, не дачакаўшыся зімы, бацька яго прадаў і вярнуўся назад, на Ўрал. Перабыўшы зіму, прыехаў зноў у Беларусь. Ад таго часу і бадзяецца.
Стары ня ўтойвае, што чужыя людзі неаднойчы спрабавалі даць яму прытулак, але такія намаганьні канчаліся няўдачаю. Юры Іванавіч упарта вяртаўся да звыклага яму бадзяжніцтва.
Невысокі згорблены стары штодня абыходзіў з кійком навакольле ў пошуках спажывы. Часта жабраваў ля крамаў.
«Грошы даюць, курыць даюць, ежа перападае. Грошай як назьбіраю, то ў краму іду: „чарніла“ абавязкова куплю ды закускі якой. Калі кампаніі выпіваюць і мяне бачаць, дык нярэдка частуюць. Мяне шмат хто ведае, спачуваюць ды дапамагаюць. Я столькіх людзей ня ведаю, колькі мяне», — казаў ён карэспандэнту Свабоды.
Ці можа пракарміць сьметніца. Карэспандэнт Свабоды парыўся ў сьмецьцевым баку разам з бамжамі
Выжываць людзі дапамагаюць
81-гадовы Альберт Цімафеевіч Байдо, як і раней, жыве пад гаўбцом у адным са спальных раёнаў гораду. Улетку ў кампаніі такіх жа нябогаў, як сам, бавіць час на сьметніку. Сёлетнія дужыя маразы яму дазволілі перабыць у падвале шматпавярховага дома. Аднак сваё звыклае лежыва стары не прыбраў.
Ён кажа, што іншага жытла ня мае. Даводзіць, што ягоная сястра памерла, а яе сын, прадаўшы матчыну хату, некуды зьехаў. Сваіх дзяцей у беспрытульніка няма.
Пэнсіі Альберт не афармляў, бо адсутнічаюць дакумэнты. Паводле яго, бадзяцца па сьвеце пачаў больш за пяць гадоў таму. Прызнаецца, што нямала часу правёў у зьняволеньні, якое і прывяло да бадзяжніцтва.
«Выжываць мне людзі дапамагаюць. Хаджу пабіраюся. Жабрую ля царквы. Мне ж цяпер многа ня трэба. Крыху на ежу ды, ня буду ўтойваць, на пітво, каб сагрэцца. З пэнсіяй абяцалі дапамагчы, але, відаць, забыліся. Мне б ужо памерці, бо абрыдла такое жыцьцё, але вось жыву», — гаварыў журналісту бадзяга.
Альберт ходзіць на мыліцах. Кажа, што яго зьбіла машына. Кіроўца, каб пазьбегнуць разбору зь міліцыяй, даў старому на лекі тры мільёны рублёў і дапамагаў яму, пакуль ён ляжаў у бальніцы. А як выпісаўся, то і забыўся на пакалечанага.
Толькі б хутчэй памерці. Хіба гэта жыцьцё?
Адшукаць Альбертаву сяброўку Натальлю не ўдалося. 37-гадовая жанчына мае сваякоў у прыгараднай магілёўскай вёсцы. Час ад часу езьдзіць да іх, але вяртаецца ў горад. Кажа, што з хаты выганяюць. Жыве ў горадзе і брат, але і зь ім нелады. Пра тое, як жывецца беспрытульніцы, Натальля апавядала ў свабодаўскім відэароліку.
Са слоў Альберта, у Натальлі «ўсё добра». Жыве яна, зьбіраючы другасную сыравіну, ды з таго, што заробіць, прыбіраючы пляцоўкі ля камэрцыйных шапікаў.
«Выжыць мне дапамагаюць добрыя людзі. Бываюць і злыя, якія могуць аблаяць ці штурхнуць. Розныя людзі бываюць, але добрых болей. Такія даюць і капейчыну. У баках у асноўным знаходзім хлеб. Начую дзе выпадзе. Так і жывём. Толькі б хутчэй памерці. Хіба гэта жыцьцё?» — казала ў адной з гутарак сама Натальля.
«Мы ўсе так памром», — магілёўскія бамжы пра сьмерць свайго субрата
Можа, памёр, а можа, прыжаніўся
Ня выпала адшукаць бяздомніка Паўла, які таксама быў героем некалькіх свабодаўскіх тэкстаў. Ён аматар чытаньня. Яшчэ летась яго бачылі з кнігаю ў сквэры непадалёк ад гасьцініцы «Магілёў». Пра сваё захапленьне Павал расказваў і Свабодзе. Выказваўся ён і пра кандыдатаў у прэзыдэнты ў 2015 годзе.
У 2013 годзе Павал, калі быў на заробках у Расеі, зламаў два пазванкі і руку. Наймальнік адмовіўся плаціць за лячэньне і прывёз гастарбайтэра на радзіму. Загіпсаваны, ён жыў з таго, што нажабруе ля царквы. Спадзяваўся на людзкую спагаду. Узімку 2014 году маразы таксама былі дужыя.
«Іду ў апорны пункт. Саджуся. Міліцыянэры не выганяюць. Бачаць, што замярзаю. Нават іншым разам і паесьці дадуць. Міласьціну прасіць сорамна, але ў мяне іншага выйсьця няма. Патроху на хлеб назьбіраю. Падвалаў жа цяпер ніякіх. І ў пад’езд не зайсьці. Усё зачынена. Кажуць, да сарака марозу можа быць. Я ня ведаю, як выжыву. Ніхто ня можа дапамагчы — ні царква, ні дзяржава», — расказваў пра сваё бадзяжнае жыцьцё Павал.
Калі і куды зьнік Павал, высьветліць не ўдалося. Жыхары двара, у якім ён туліўся, кажуць рознае. Некаторыя прыгадваюць, што яго часта бралі на работу цыганы. Да іх ён і падаўся зноў. Іншыя мяркуюць, што Паўлу пашчасьціла прыжаніцца і цяпер ён забыўся на бадзяжніцтва. Ёсьць і тыя, хто лічыць, што Паўла няма ў жывых. У яго была мара — набыць дом у вёсцы.