У Магілёве Чырвоны крыж разам з супрацоўнікамі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў на час моцных маразоў разгарнулі пункты абаграваньня. У выстаўленых намётах наведнікам прапануюць гарачае пітво і ежу.
У Магілёве, акрамя трох стацыянарных пунктаў, таксама працуюць дзьве перасоўныя брыгады. Абагрэцца мінакі могуць і ў райцэнтрах.
Паводле супрацоўнікаў Чырвонага крыжа, пункты абагрэву пачалі выстаўляць яшчэ 23 лютага, калі маразы сталі дужэць. За гэты час паслугамі ў іх скарысталіся блізу дзьвюх тысяч чалавек.
Адзін з такіх пунктаў разгорнуты ля цэнтральнага рынку Магілёва. У намёт заходзілі пажылыя людзі, бацькі з малымі дзецьмі. Не праміналі пункт і бадзягі.
«Мы выставіліся, як сталі маразы ніжэй за пятнаццаць градусаў, — апавядае адзін з валянтэраў Чырвонага крыжа. — Людзі не саромеюцца і заходзяць да нас. Любому чалавеку мы гатовыя дапамагчы. Прапануем гарачую гарбату і ежу да яе».
Адзін з наведнікаў пункту, які назваўся Мікалаем, прызнаўся, што мінулай ноччу ледзь не акалеў. Начаваў на цеплатрасе.
«Было троху „чарніла“, дык гэтым падтрымліваў сябе, — апавёў ён. — А як надышоў ранак — адразу на базар. А тут намёт стаіць. Гарбаты папіў, трохі кусануў. Цяпер пайду мэталу крыху здам».
Валянтэрам Чырвонага крыжа дапамагалі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Яны інструктавалі наведнікаў пункту, як паводзіцца ў сьцюжу, каб не атрымаць абмаражэньне. Гаварылі пра тое, як папярэдзіць пажары. За мінулыя два месяцы ў Магілёве было 15 пажараў, адзін чалавек загінуў. Па Магілёўскай вобласьці ж адбылося 127 пажараў, загінула 15 чалавек.
Паводле зьвестак абласнога цэнтру экстрэмальнай дапамогі, на 26 лютага ад пераахаладжэньня на Магілёўшчыне загінулі 5 чалавек. Дыягназ яшчэ двух памерлых, якіх знайшлі на вуліцы, не ўстаноўлены.
У цэнтры адзначаюць, што сёлетнія ахвяры маразоў, як і ў папярэднія гады, — пераважна людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця, і бяздомнікі. Паводле суразмоўца, сытуацыя ў рэгіёне са сьмярцямі ад марозу характэрная для зімовага пэрыяду.
Сёньняшняя ноч была самай халоднай за сёлетнюю зіму. У асобных раёнах Беларусі тэмпэратура апускалася да 29 градусаў марозу, удзень — да —16.