Будучыня беларускай футбольнай папялушкі ФК «Крумкачы» высьветліцца неўзабаве. Як і лёс сёлетняга Дня Волі.
Пытаньне стаіць пра жыцьцё ці сьмерць клюбу, які на працягу двух гадоў з усіх сваіх невялікіх, але надта вынаходлівых сілаў, прадукаваў у рамках нацыянальнага чэмпіянату маленькія радасьці футболу. Ад яскравых перамог над топавай тройкай прызёраў да вынаходак у інтэрнэт-трансьляцыях матчаў альбо ў галіне якаснага й крэатыўнага піяру. Карацей кажучы, ствараў футбольную атмасфэру, прыдумляў нефармальныя ды незвычайныя хады, што на полі, што па-за ім.
Фінансавы складнік заўжды ў клюбу быў ня дужа пэўным, але напрыканцы мінулага сэзону становішча стала зусім цяжкім, калі не сказаць фатальным. Тым ня менш, каманда ўтрымалася ў эліце, хоць і закончыла сэзон з доўгім шлейфам пазыкаў, якія трэба было пагашаць.
На сёньняшні дзень пазыкі пагашаныя ня ўсе, што паслужыла фармальнай прычынай для Беларускай фэдэрацыі футболу не выдаваць «Крумкачам» ліцэнзію на наступны сэзон.
Сытуацыя блытаная й таямнічая, нібыта знойдзены спонсар, які дапаможа клюбу выправіць сваё становішча, але...
Але кантрольны час мінуў і каляндар вышэйшае лігі нацыянальнага першынства вярстаецца, дзе адна з каманд мае толькі нумар 16, але ня назву. Чыя назва будзе заміж нумару 16, «Крумкачоў» ці іншага клюбу, паднятага зь ніжэйшага дывізіёну, стане вядома днямі. Пакуль што «Крумкачы» падаюць апэляцыю на пастанову фэдэрацыі й спадзяюцца зноў выжыць.
Што праўда, выжыць у краіне Беларусь, што ў палітыцы, што ў эканоміцы, што ў футболе пад цяжарам падатковага прэсу й ня маючы сталай дзяржаўнай падтрымкі, вялікая праблема.
Гісторыя «Крумкачоў», як клюбу, гэтак і ягоных гульцоў, бліскае рознымі мэтамарфозамі, якія ёсьць спадарожнікамі энэргіі й натхненьня, веры й авантурызму. Атмасфэра, якую прадукуе гэты клюб, нараджае гісторыі казачных пераўвасабленьняў ці неверагодных футбольных сюжэтаў, якія наўрад ці маглі б адбыцца ў вядучых клюбах чэмпіянату, сьпешчаных дзяржаўнай падтрымкай і вялікімі, па беларускіх мерках, амбіцыямі.
Тыя клюбы, што ня мелі ў сабе ні амбіцый, ні атмасфэры, але таксама як «Крумкачы» месьціліся ў сярэдзіне турнірнай табліцы, жылі сваім панылым футболам, дзе амаль усё было прадказальна. Думаецца, менавіта ад гэтае прадказальнасьці й паныласьці гульцы некаторых зь іх падпалі пад спакусу ставак на таталізатары й дамоўных матчаў, спрабаваўшы хоць бы такім чынам разнастаіць беларускі футбольны дзень сурка. І гэта ўсё так нагадвае тую паныласьць, у якой гадамі існуе наша апазыцыйная палітычная сыстэма.
Але што палітыка, што футбол — гэта ня проста гульня, гэта яшчэ й перадусім, творчасьць. Творчасьць і рызыка, на полі й па-за ім.
Крумкачы якраз і займаліся творчасьцю ў нятворчым асяродку. Як можна падняць узровень нацыянальнай зборнай бяз творчага нацыянальнага першынства? — пытаньне рытарычнае. Як і пра пазбаўленую творчасьці палітыку.
І тут паўстае ракурс эпохі, бо нарадзіцца не ў сваю эпоху — вялікае выпрабаваньне, а рэалізавацца пагатоў.
Ці хопіць клюбу шанцунку й моцы ў барацьбе за жыцьцё, за права на сваю песьню ў пасрэдным футбольным хоры. Некаторыя прагназісты прадракаюць «Крумкачам» канец палёту, але вельмі хацелася б, каб нумарам 16 у складзе вышэйшае лігі аказаліся менавіта «Крумкачы».
Сытуацыя з клюбам як лякмусавая паперка сьведчыць пра тое, ці здольная на нефармальныя рашэньні фэдэрацыя футболу, бо не адчуваць тую новую, авантурную, але радасную атмасфэру, што нёс з сабой гэты клюб, было немагчыма. І гэтая атмасфэра, можа быць, самае лепшае, што здарылася ў нашым футболе за апошнія гады.
Дачыненьні паміж «Крумкачамі» й фэдэрацыяй футболу парадаксальным чынам нагадваюць круглы стол аргкамітэту стогадовага юбілею БНР, дзе выбіраліся шляхі разьвіцьця сьвята. Ці паныла йсьці, як апошнія гадоў пятнаццаць, зыркаючы — дзе амон, ці паспрабаваць напоўніць сьвята атмасфэрай радасьці, імправізацыі й творчасьці. Беларускай апазыцыйнай сыстэме таксама не хапае сваіх «Крумкачоў», але эпоха, якая настае, намякае на іх нараджэньне.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.