Прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый правялі ў Менску прэсавую канфэрэнцыю, дзе патлумачылі сутнасьць зьменаў у закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», якія могуць цалкам зьмяніць сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.
Намесьнік міністра транспарту і камунікацый Аляксандар Шышко, начальнік упраўленьня аўтамабільнага і гарадзкога пасажырскага транспарту Сяргей Дубіна і начальнік упраўленьня кантролю аўтамабільнага транспарту Іван Алісейка заявілі, што зьмены ў законе, якія ўступілі ў сілу з 23 студзеня гэтага году, выкліканыя скаргамі на «несумленную канкурэнцыю, з прычыны якой афіцыйныя перавозчыкі апынуліся ў заведама няроўных умовах».
Свабода выбрала асноўныя тлумачэньні чыноўнікаў.
Закіды прыватным перавозчыкам
«Мы абвясьцілі перавозчыкам: калі вы будзеце працаваць у прававым полі гэтага закону, то працуйце на здароўе. А калі не, то маем права прымаць меры».
«Сёньня кажуць, што расклад [руху прыватных маршрутак] ёсьць у інтэрнэце. Прабачце, гэта не расклад. Гэта рэкамэндацыя».
Пра канкурэнцыю
«Я казаў перавозчыкам дзяржаўнай формы ўласнасьці, што трэба быць больш гнуткімі, а не хадзіць і прасіць грошы зь бюджэту. Хочаце працаваць на гэтым рынку — працуйце. У сёньняшняй сытуацыі няхай пакажуць, як яны гатовыя заняць гэтую нішу».
«Сёньня мы будзем патрабаваць ад перавозчыкаў, нашых акцыянэрных таварыстваў якасьці паслугі і, адпаведна, цаны».
«Спэцыяльнай работы, каб выціснуць з рынку перавозчыкаў-прыватнікаў, Мінтрансам не праводзілася. Работа цяпер праводзіцца, каб зьняць напружаньне па гэтых маршрутах».
«Каб стварыць роўныя ўмовы канкурэнтнай працы на рынку перавозак пасажыраў, забароненыя функцыі апэратара і перавозчыка ў адной асобе. Апэратары перавозак, калі яны прызначаныя мясцовымі органамі ўлады, выступаюць незалежнымі суб’ектамі гаспадараньня, якія не ажыцьцяўляюць перавозку і не зацікаўленыя, каб канкрэтнае прадпрыемства выйграла тую ці іншую працэдуру».
«Адпаведна з законам заказчыкамі паслуг па перавозцы пасажыраў зьяўляюцца мясцовыя органы ўлады».
«Калі ў нейкім рэгіёне ня створаны апэратар, перавозчыку трэба зьвяртацца ў выканкам, які павінен прымаць рашэньне аб адкрыцьці ці правядзеньні конкурсу. Перавозчыкам трэба браць удзел у конкурсе. Конкурс мае на ўвазе адказнасьць і абавязак на гэтых перавозках. Выйграў конкурс — выконвай патрабаваньні. Іначай на тваё месца паставяць іншага перавозчыка».
Што адбываецца цяпер
«Калі сёньня склалася так сытуацыя, значыць, сёньня на конкурсы апэратары будуць запрашаць перавозчыкаў, якія змогуць выконваць гэтыя перавозкі. У краіне дастаткова рухомага саставу, каб рабіць такія перавозкі».
«Шэраг перавозчыкаў, якія займаліся нерэгулярнымі перавозкамі, сёньня заключаюць дамовы на выкананьне рэгулярных перавозак. У поўнай меры прадстаўляліся магчымасьці выконваць перавозкі па іх жа раскладзе і маршрутах».
«Пакуль ня будзем павялічваць парк іншых перавозчыкаў, ня будзем адкрываць новыя рэгулярныя маршруты. Пераходзьце (да прыватных перавозчыкаў. — РС)».
«Перавозчыкі, якія хочуць працаваць, прыйдуць заключаць дамовы і будуць працаваць па тых жа маршрутах, па якіх і працавалі. Толькі прадставяць пасажыру гарантыю рэгулярнасьці і бясьпекі перавозак».
«Я пакуль не магу сказаць па цане квіткоў, бо гэтым займаюцца суб’екты гаспадараньня».
«Ад сёньняшняга дня з Наваполацку і Полацку дадаткова адпраўляюцца аўтобусы малой і вялікай умяшчальнасьці. І сёньня вядуцца перамовы з індывідуальнымі перавозчыкамі на гэтыя маршруты. Таму гэтыя перавозкі будуць арганізаваныя. У Салігорску таксама ўжо арганізаваны рух. Будуць адпраўляцца аўтобусы, адноўленыя маршруты. Некалі былі гэтыя рэгулярныя маршруты, яны могуць іх аднавіць і працаваць».
Як усё будзе працаваць у новых умовах
«Не абавязкова адпраўляцца з аўтавакзалу, але зь месца, дзе ёсьць пасажырскі тэрмінал».
«Маршрут можа быць і такі, што ў населеным пункце няма тэрміналу. Адтуль адправіцца можна, заехаць па маршруце на нейкі тэрмінал, адзначыцца, што расклад у вас захоўваецца, і будуць захоўвацца ўмовы, якія агавораныя ў дамове».
«Забіраць ці высаджваць пасажыраў трэба на адмыслова абсталяваным месцы. Павінен быць абсталяваны прыпыначны пункт для любога транспарту. Любы маршрут, які ўзгадняецца перавозчыкам і апэратарам, павінен быць узгоднены з ДАІ на прадмет магчымасьці пасадкі-высадкі пасажыраў».
Сутнасьць праблемы
26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.
Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.
Цяпер перавозчыкі мусяць:
- заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
- забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);
- езьдзіць па вызначаным маршруце;
- спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
- распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
- вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
- плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.
Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку.
Прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў кажуць, што зьмены, унесеныя ў закон, будуць мець шэраг нэгатыўных наступстваў:
- прыватныя дыспэтчарскія будуць скасаваныя, людзі страцяць працу;
- кіроўцы ня змогуць прайсьці конкурс і застануцца бяз працы;
- давядзецца падвысіць кошт праезду;
- адпраўляцца ў рэйс давядзецца нават тады, калі маршутка ня будзе запоўненая пасажырамі;
- маршруткі будуць спыняцца толькі на вызначаных прыпынках;
- давядзецца паўтара-два месяцы чакаць, пакуль аўтавакзал разьлічыцца за перавозкі;
- адбудзецца манапалізацыя рынку пасажырскіх перавозак.