Сьвята БНР: чаму мне не патрэбная «аб’яднаная апазыцыя»

Севярын Квяткоўскі

Мяне вельмі засмучае, калі чытаю пра «апазыцыю», як пра штосьці цэласнае, пра нібыта адзіны арганізм. «Апазыцыя вырашыла», «апазыцыя ініцыявала», «апазыцыя ізноў не змагла дамовіцца між сабою».

Нібыта гаворка пра пэўную сямʼю. Вось «бацька» БНФ, бо найстарэйшая з сучасных палітычных арганізацый. Вось «маці» АГП, яна крыху маладзейшая. А вось пайшлі дзеці, пляменьнікі, кумы, сваты і проста сваякі. І вось яны сядзяць на сямейнай нарадзе і ня могуць дамовіцца. Напрыклад, як сьвяткаваць 100-годзьдзе незалежнасьці.

Zmicier Saloszkin: «Чаму амаль ніхто не называе прозьвішчаў людзей, якімі пэрсанальна не задаволеныя? Проста напісаць «апазыцыя». Не было ўчора «апазыцыі».

Зьміцер Салошкін з прозьвішчамі дае характарыстыкі, хто якую пазыцыю адстойваў у справе арганізацыі Дня Волі на пасяджэньні аргкамітэту сьвяткаваньня.

Калі глядзець вачыма шараговага спажыўца інфармацыі, выглядае што нейкая арганізацыя пад назвай «Апазыцыя» мае эксклюзіўнае права на сьвяткаваньне ўгодкаў незалежнасьці. І вось чалавек глядзіць у манітор кампутара і заўзее за сваіх. Адныя за тое, каб адбылося сьвята, іншыя — каб было шэсьце. Два ў адным ня хоча Менгарвыканкам. Менскія ўлады выступаюць толькі за канцэрт з мітынгам.

У мяне амаль уся фрэндстужка ў фэйсбуку за сьвята, за канцэрт. І я сам за тое, каб прыняць прапанову Менгарвыканкаму. Я разумею, што ініцыятыва ўладаў ня шчырая. Што гэта тактычны ход, каб не было чарговы раз карцінкі са зьбітымі і затрыманымі мірнымі маніфэстантамі. Што ўладзе трэба паказаць сваю нібыта рахманасьць. Дый хай сабе асьцярожныя, але пазытыўныя крокі на адрас БНР улады ўжо зрабілі. Нават шыльду на дом, дзе была абвешчаная БНР, паабяцалі дазволіць.

Мне як грамадзяніну ў дадзенай сытуацыі ўсё роўна, на колькі крывадушная ўлада. Я разумею, што сытуацыяй трэба карыстацца. Такія імпрэзы, як публічнае сьвята 100-годзьдзя незалежнасьці, застаюцца ў гісторыі і будуць працаваць у будучыні і на будучыню ўжо калі цяперашняя ўлада сама станецца гісторыяй.

А яшчэ тут і цяпер падобныя імпрэзы працуюць на тысячы і тысячы людзей, якія, магчыма, ня ведаюць, альбо мала што ведаюць пра БНР. Працуюць на нацыянальную сьвядомасьць.

А тут раптам — загародкі.

Павал Севярынец:

«Сябры, вось рашэньне сёньняшняга Аргкамітэту да 100-годдзя БНР:

Надаць Перамоўнай групе паўнамоцтвы прымаць у Менгарвыканкаме рашэньні ад імя Аргкамітэту адносна правядзеньня Дня Волі 25 сакавіка ў межах:

1. пададзенай заяўкі Аргкамітэту з варыянтамі адносна маршруту і месцам канцэрту ды мітынгу ля Опэрнага тэатру

2. абавязковых сьвяточных шэсьця і канцэрта

3. адсутнасьці загародак».

Гаворка пра турнікеты, якімі плянуецца абнесьці месца сьвяточнай імпрэзы, каб міліцыя магла правяраць рэчы ўдзельнікаў. Непрыемныя псыхалягічна, але стандартныя захады бясьпекі.

Уяўляеце? Людзі гатовыя ахвяраваць унікальнай магчымасьцю ня толькі сьвята, але прапаганды ідэяў БНР. «Калі будуць загародкі, мы на такое пайсьці ня можам».

Загародкі — гэта такая вішанька на торце «зробім усё, каб сьвята не адбылося». Бо шэсьце ўлада не прадугледжвае. А частцы аргкамітэту, бачыш, не да твару адразу згаджацца з прапановай улады.

Тры гадзіны цягам пасяджэньня аргкамітэту па чарзе ўздымаліся са сваіх месцаў у заднім шэрагу незалежныя грамадзкія актывісты Павал Белавус, Эдуард Пальчыс і Антон Матолька і спрабавалі патлумачыць, што калі не пачаць падрыхтоўку да сьвята цяпер, паўнавартаснай імпрэзы ня будзе. Артысты разьяжджаюцца на сьвяткаваньні Дня Волі па-за Менскам. Плюс шмат арганізацыйнай працы з тэхнічнага боку. «Калі арыентавацца на некалькі дзясяткаў тысяч чалавек». Калі на пару соцень, то хопіць адной гітары і аднаго мэгафону. Як дваццаць гадоў таму.

«Прапанова Менгарвыканкаму — для таго, каб нас раскалоць». «Мы не павінны гэта адразу хапаць “ах, якая радасьць!”. Насустрач павінна быць нейкая наша прапанова». Гэта такі фонавы бубнёж. У самым канцы сустрэчы аргкамітэту пасьля дзьвюхгадзінавага галасаваньня за праўкі ў дакумэнт з трох пунктаў ускоквае разгублены Павал Белавус: «Я не зразумеў — мы падтрымалі прапанову Менгарвыканкаму?». У сэнсе — можна пачынаць працаваць над арганізацыяй канцэрту? Яму кажуць, мы во на перамовы пойдзем, там паглядзім.

А ў мяне, як у гледача, узьнікае проста пытаньне: навошта Паўлу Белавусу прывязвацца да «Апазыцыі»? Як так сталася, што ліцэнзія на заяўкі сьвяткаваньняў важных нацыянальных дат атрымала невялікая група людзей пад кодавай назвай «Апазыцыя»? Чаму Арт-Сядзіба, якую прадстаўляе Павал Белавус, ня можа сама зьвярнуцца ў гарадзкія ўлады і зладзіць сьвята?

Прадстаўнік БНФ Аляксей Янукевіч разам зь сябрам па партыі Рыгорам Кастусёвым даводзіў прысутным элемэнтарныя рэчы: альбо канцэрт, альбо можа нічога ня быць зусім.

Стась Карпаў: «Замест сьвяткаваньня БНР мы будзем разам ганарыцца тым, што не прынялі падачку з рук улады».

І ў мяне, як у гледача і як у грамадзяніна, зноў узьнікае пытаньне — навошта мне «абʼяднаная апазыцыя»? Вось я на свае вочы ўбачыў, як адбываюцца перамовы наконт, здавалася б, сымбалічнага пытаньня. Што тады ўжо казаць пра ўзгадненьні палітычных крокаў? Заўтра марсіяне пакінуць Беларусь без прэзыдэнта і замест таго, каб браць уладу ў свае рукі, «Апазыцыя» будзе сядзець за сталом і цягнуць ката за хвост? Рэалізоўваць сваё «я», замест таго, каб апэратыўна вырашаць супольную праблему?

Мне, як грамадзяніну, як выбарніку, не патрэбная «супольная апазыцыя». Мне патрэбная грамадзкая і палітычная сіла, якая будзе працаваць на мае погляды, на мае памкненьні, якая будзе слухаць і мае пажаданьні таксама. А я буду гэтую сілу падтрымліваць дзе голасам, а дзе нават рублём.

Палітычным сілам ня трэба баяцца пазбаўляцца балясту. Бывае разьяднаньне, а бывае аздараўленьне. Залежыць ад ракурсу погляду. БНФ — гэта стары паважаны многімі брэнд, які можна вярнуць у здаровае рэчышча. Замест фармальнай «палітыкі» арганізацыя магла б займацца патрэбнымі людзям хай сабе не палітычнымі, а сацыяльнымі справамі.

Можна павучыцца ў прысутных на пасяджэньні Паўла Белавуса, Эдуарда Пальчыса і Антона Матолькі. Арт-Сядзіба сіламі пяці чалавек вярнула Беларусі арнамэнт з абгрэйчаным несавецкім сэнсам. Пальчыс сваім «Джонам Сільвэрам» паставіў на вушы палову байнэту, выкрываючы «палітыку партыі» што да ўзаемаадносін з Расеяй. Пры слове «Матолька» здрыгаюцца ўсе чыноўнікі Менгарвыканкаму. Прыклады можна множыць, калі адзін чалавек ці невялікая група робяць вялікія справы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.