Украіна падпісала з General Electric пагадненьне на адзін мільярд даляраў

Цеплавоз на ўкраінскай чыгунцы (архіўны здымак)

Украіна падпісала з амэрыканскай карпарацыяй General Electric пагадненьне аб закупцы і мадэрнізацыі ўкраінскага парку цеплавозаў і пачатку вытворчасьці ў Ўкраіне камплектуючых да амэрыканскіх лякаматываў.

Пагадненьне на агульную суму адзін мільярд даляраў падпісанае ў пятніцу, 23 лютага ў Кіеве прадстаўнікамі амэрыканскай кампаніі і дзьвюх украінскіх — «Укрзализныця», «Укрэксимбанк». На цырымоніі падпісаньня прысутнічалі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і амбасадарка ЗША ва Ўкраіне Мэры Яванавіч.

«Гэтыя пагадненьні дадуць магчымасьць дасягнуць інтэграванасьці нашых эканомік і стварыць сотні новых працоўных месцаў і ў ЗША, і ва Ўкраіне. Выкарыстоўваючы амэрыканскія тэхналёгіі, Украіна мадэрнізуе сваю сетку чыгунак і такім чынам пашырыць магчымасьці экспарту сельскагаспадарчых тавараў і экспарту ў цэлым», — адзначыла амбасадарка.

Першыя амэрыканскія лякаматывы сэрыі Evolution ТЭ33А паступяць у распараджэньне ўкраінскіх чыгуначнікаў ужо гэтай восеньню.

Колькасьць першай партыі, якая будзе пастаўлена да красавіка 2019 году — 30 цеплавозаў. У гэтай партыі доля ўкраінскіх камплектуючых павінна складаць не менш за 10%. Адзін лякаматыў GE абыдзецца ўкраінскай кампаніі прыкладна ў 4,5 мільёна даляраў.

Гэтыя пагадненьні дадуць магчымасьць дасягнуць інтэграванасьці нашых эканомік.

Згодна з падпісаным дакумэнтам, другі этап прадугледжвае пастаўку Ўкраіне на працягу 7 гадоў ад 150 да 175 амэрыканскіх цеплавозаў. Яны павінны складацца ўжо ня менш чым на 40% з украінскіх камплектуючых. Сумесная з GE вытворчасьць чыгуначнай тэхнікі плянуецца, у прыватнасьці, наладзіць на Крукаўскім вагонабудаўнічым заводзе ў Палтаўскай вобласьці.

Украінскія прадпрыемствы, якія будуць задзейнічаны ў каапэрацыі і сэртыфікаваныя General Electric, атрымаюць магчымасьць стаць пастаўшчыкамі тавараў і паслуг для GE і іншых вытворцаў пры рэалізацыі аналягічных праектаў у іншых краінах.