Судзьдзя Рагачоўскага раённага суду Аляксандар Крайнікаў прызнаў Віктара Арцюха вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыянтам дэпартамэнту аховы і аштрафаваў яго на 2 базавыя велічыні — 49 рублёў.
«Канечне, будзем з адвакатам абскарджваць гэтую пастанову, бо яна не адпавядае рэчаіснасьці», — кажа Віктар Арцюх.
Паводле Віктара Арцюха, 17 студзеня яго спынілі на вуліцы міліцыянты за тое, што ня меў на сабе флікера. Калі Арцюх папрасіў іх прадставіцца і не пагадзіўся адразу сесьці ў машыну, да яго ўжылі сілу. Зьбіцьцё паўтарылася і ў машыне, і на ганку пастарунка. У выніку яму зламалі дзьве рабрыны. Арцюх заявіў, што біў яго міліцыянт Дзьмітры Літвінаў.
Жыхар Рагачова: за адсутнасьць флікера пабілі і зламалі рэбры, а цяпер аштрафавалі
Паводле рапарту Дзьмітрыя Літвінава, парушэньне Арцюха было ў тым, што ён ішоў па праезнай частцы Кастрычніцкай вуліцы; паводле рапарту ягонага напарніка Валера Кузькова — што пераходзіў у неналежным месцы вуліцу Лібкнэхта. Паводле самога Віктара Арцюха, ён пераходзіў Кастрычніцкую вуліцу. Сьведкі патлумачылі, што, у адрозьненьне ад вуліцы Лібкнэхта, на Кастрычніцкай гараць ліхтары.
На судзе высьветлілася, што відэа затрыманьня ў міліцыянтаў няма.
Літвінаў заявіў, што Арцюх называў іх «дурнымі людзьмі», якія не разьбіраюцца ў правілах дарожнага руху, і не хацеў сядаць у машыну.
«А яшчэ крычаў: „Міліцыя! Дапамажыце!“ Мы былі ў форменнай вопратцы. Мы што, не міліцыя, а бандыты якія?»
Паводле міліцыянтаў, Віктар Арцюх штурхаў іх, спрабуючы ўцячы, хапаў за форменную вопратку, а на прыступках каля дзяжурнай часткі ўхапіўся за парэнчы. Каб адарваць яго ад парэнчаў і начапіць кайданкі, Літвінаў вымушаны быў прымяніць сілавы прыём. Тады Арцюх паваліўся на прыступкі.
Раней, на пачатку лютага, начальнік Рагачоўскага аддзяленьня ДАІ аштрафаваў Віктара Арцюха за адсутнасьць флікера і парушэньне правілаў дарожнага руху на адну базавую велічыню. Штраф гэты ён аспрэчвае ў раённым судзе.
Віктар Арцюх паскардзіўся на дзеяньні міліцыянтаў у пракуратуру і Сьледчы камітэт.