У Ельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 3, адзінай у Беларусі, не адбыліся выбары ў раённы савет. Пра гэта паведаміў Цэнтрвыбаркам.
«Працоўны калектыў нашай мэблевай фабрыкі адклікаў рашэньне аб вылучэньні кандыдатам у дэпутаты райсавету дырэктара гэтай фабрыкі Віталя Васілёнка. Ён быў адзіным прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат у Савецкай акрузе № 3, таму выбары і не адбыліся. Выбарнікам проста не выдавалі бюлетэні — свайго дэпутата ў райсавет яны не выбіралі», — расказаў старшыня Ельскага раённага савету Сяргей Матузка.
Паводле яго, цяпер Васілёнка на фабрыцы няма. Ельская мэблевая фабрыка зьяўляецца філіялам ААТ «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат». У аддзеле кадраў прадпрыемства паведамілі, што дырэктар філіялу Васілёнак затрыманы праваахоўнымі органамі. Вядзецца праверка. Па выніках яе і будуць зроблены высновы.
Віталю Васілёнку 34 гады, ён сябра Кампартыі Беларусі, лічыўся праўладным кандыдатам. Яму не было канкурэнтаў у выбарчай акрузе № 3, зрэшты, як і ў іншых 29. Нечаканы паварот у лёсе адзінага прэтэндэнта спрычыніўся да зрыву выбараў.
У акрузе прызначаць новыя выбары.