Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі на ўчастку назіральнікі налічылі 389 выбарнікаў, камісія запісала 892


Ілюстрацыйны здымак. Галасаваньне ў Гомлі. 18 лютага 2018 году
Ілюстрацыйны здымак. Галасаваньне ў Гомлі. 18 лютага 2018 году

На выбарчым участку № 7 Савецкага раёну Гомля, як сьцьвярджаюць назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, афіцыйная яўка ўдзелу ў галасаваньні гараджанаў завышана нават больш як у два разы.

Намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў паведаміў Свабодзе, што назіраньне за галасаваньнем вялося бесьперапынна, дзяжурылі трое назіральнікаў.

«Па нашых падліках, датэрмінова на ўчастку прагаласавалі 85 выбарнікаў. Камісія падала ў выніковым пратаколе нашмат большую лічбу — 409. У асноўны дзень колькасьць прагаласаваўшых таксама істотна адрозьніваецца: па нашых падліках, галасавалі 389 выбарнікаў, участковая камісія запісала — 892. Апроч таго, 498 выбарнікаў з дзьвюх з паловай тысяч нібыта прагаласавалі дома», — заявіў Палякоў.

«Нахабныя падтасоўкі», — назіральнік

Назіральнік Яўген Казлоў заяўляе, што з падобнымі нахабнымі падтасоўкамі яшчэ не сустракаўся. Участак разьмяшчаўся ў сярэдняй школе № 28, ачольваў камісію дырэктар гэтай жа школы Міхаіл Дарашкоў.

«Сам я папрасіў старшыню Дарашкова папярэдзіць, калі чальцы камісіі паедуць са скрыняй да выбарнікаў, каб тыя прагаласавалі дома. Праігнаравалі. Пытаюся: „Чаму так?“ Кіраўнік камісіі дзівіцца: „А што, я павінен на калені станавіцца, каб вы паехалі?!“ У выніку надомнае галасаваньне па хуткасьці можна запісваць у кнігу ўсясьветных рэкордаў», — кажа назіральнік Казлоў.

Каб неяк нэўтралізаваць прэтэнзіі незалежных назіральнікаў, лічыць Яўген Казлоў, камісія заручылася водгукамі назіральнікаў ад афіцыйных установаў і праўладных арганізацыяў. На загадзя падрыхтаваных блянках яны напісалі падзякі, што галасаваньне праведзена бездакорна, у адпаведнасьці з заканадаўствам.

Выбарчы ўчастак № 7 месьціцца на тэрыторыі Маскоўскай выбарчай акругі № 21, дзе кандыдатам у дэпутаты гарсавету ад АГП балятаваўся эканаміст і гісторык Мікалай Новікаў. Паводле папярэдніх зьвестак, за яго галасавалі ўсяго каля 7 адсоткаў выбарнікаў.

Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG