Вынікі ўчорашніх выбараў у мясцовыя саветы камэнтуюць лідэры БНФ, БХД і руху «За свабоду».
«Шклоўскае ноўхаў — датэрміновае выязное галасаваньне»
Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ:
«Такога, як гэтым разам, раней яшчэ не назіраў. Прывяду красамоўны прыклад па адным з участкаў Шклоўскай гарадзкой выбарчай акругі, дзе я вылучаўся дэпутатам Магілёўскага абласнога савету. Дык вось, у асноўны дзень галасаваньня прыйшло аж 3 чалавекі! Явачны сьпіс пры гэтым перавышаў 200 выбарнікаў. Аднак па выніках галасаваньня яўка на гэтым участку атрымалася 98%! Уяўляеце? Апроч таго, зьявілася шклоўскае ноўхаў — датэрміновае выязное галасаваньне. Такога таксама яшчэ не было.
Такім чынам, беларуская ўлада праверыла гатовасьць камісіяў на пэрспэктыву, прайшла, так бы мовіць, практычная трэніроўка. Асноўная падрыхтоўка вядзецца да 2020 году, калі будуць прэзыдэнцкая і парлямэнцкая кампаніі. З чым уладу можна павіншаваць — гатовасьць 100-працэнтная. З такой мабілізацыяй „посьпех“ будзе гарантаваны».
«Брутальная і нахабная фальсыфікацыя»
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі:
«Такой брутальнай і нахабнай фальсыфікацыі, мабыць, ніхто не чакаў. У Менску на акрузе, дзе я назіраў, як лічылі галасы, датэрміновая „яўка“ склала 2/3. Пры гэтым вельмі прафэсійна дзейнічалі правакатары-назіральнікі ад праўладных арганізацый, агрэсіўна накідваючыся на незалежных назіральнікаў. І каб ня наш актыўны ўдзел, у тым ліку прамоўцаў ад БХД і іншых палітычных партый, людзі не даведаліся б і дзясятай часткі, як працуе брутальная машына фальсыфікацыі.
Гэтыя выбары адрозьніваюцца нават ад многіх парлямэнцкіх, паколькі ўзровень укідаў быў проста неверагодны, у разы большы, асабліва на папярэднім этапе. Яўка за 77% на мясцовых выбарах — такое папросту нерэальна. Усё ж парлямэнцкая кампанія апрыёры больш актыўная.
Плюс кампаніі ў тым, што мы скарысталіся момантам і ў БХД запісаліся сотні новых чальцоў. Акрамя таго, шмат сабрана подпісаў за вырашэньне мясцовых праблемаў, і ўсе нашы прамоўцы будуць працягваць працу на акругах».
«Назіральнікі ня бачылі, за каго раскладаюцца галасы ў стосы бюлетэняў»
Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»:
«Па вялікім рахунку, нічога дзіўнага не адбылося. Выкарыстана практыка папярэдніх выбарчых кампаній, калі фальсыфікацыі адбываліся на ўсіх этапах — пачынаючы ад накручваньня яўкі датэрміновага галасаваньня, падмены бюлетэняў і да так званых выбарчых карусэляў.
Асноўны дзень таксама нічым не парадаваў. На большасьці ўчасткаў у адказ на звароты назіральнікаў кампаніі „Права выбару“ старшыні камісіяў адмаўляліся ад публічнага і адкрытага падліку галасоў, не давалі магчымасьці весьці фота- ці відэафіксацыю, былі шматлікія выдаленьні. У выніку назіральнікі так і ня здолелі пабачыць, за каго раскладаюцца галасы ў стосы бюлетэняў.
Выключэньнем стаў участак № 7 па маёй акрузе, дзе падчас папярэдняга назіраньня назіральнікі не зафіксавалі разыходжаньня сваіх дадзеных з дадзенымі камісіі. Магчыма, аказала пэўны ўплыў тое, што там прысутнічала амбасадарка Вялікай Брытаніі Фіёна Гіб. У выніку вымушаныя былі падлічыць галасы адкрыта. Вынік не прымусіў чакаць: на гэтым участку я атрымаў перамогу. Але на астатніх 12 участках Акадэмічнай акругі № 48 спрацавалі загадзя даведзеныя лічбы. У выніку працэнты разьмеркаваныя стандартна: першае месца — дзейнаму дэпутату Сяргею Казлову, мне — толькі трэцяе».