Драма быць дыяспарай на роднай зямлі

Севярын Квяткоўскі

З італьянскай правінцыі Сардынія нечакана прыйшла навіна, якая дакладна ідэнтыфікуе людзей, якія арганізавалі і падтрымалі галасаваньне на мясцовых выбарах 18 лютага.

Так супала што 18 лютага ў Сардыніі адбываецца сьвята Масьленіцы: «Постсоветская диаспора, проживающая на территории этого автономного итальянского региона, благодаря инициативе Почетного консульства Республики Беларусь познакомит местных жителей с традиционными обрядами древнего праздника, символизирующего конец зимы и начало Великого поста».

«Постсавецкая дыяспара» — гэта ж як «постсавецкая рэспубліка». Ідэалягемны прыём дэпэрсаніфікацыі дзяржаваў, чые незалежнасьці прызнаныя больш за чвэрць стагодзьдзя таму ўсім сьветам. Так, былых савецкіх рэспублік, дзе ў СССР слова «рэспубліка» дэ-факта значыла адміністратыўную адзінку большую за вобласьць ці край.

А які сынонім слова «дзяржава» ў Беларусі цяпер? «Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства». Зразумела што вядзецца пра дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства, а не пра партыю рэспубліканцаў. Ці тым больш пра рэспубліканскае палітычнае ўпарадкаваньне ў дзяржаве. «Сёньня па рэспубліцы чакаецца наступнае надвор'е». Не па Беларусі, не па краіне, а «па рэспубліцы». Так казалі дзесяцігодзьдзі ў СССР. Можна дадаць: «Гэта наша ідэнтычнасьць — так фармуляваць».

«Што вы да словаў чапляецеся? Галоўнае ж у сэнсе». Я такое ня раз чуў у дыскусіях пра сутнасьць сучаснай беларускай нацыянальнай ідэі. Так, гаворка пра сутнасьць. Неяк у расейскіх знаёмых я спытаўся, маўляў, а чаму вы Беларусь клічаце «брацкай», у чым брацтва? Адказ быў хуткі: «Расейская мова і памяць пра Вялікую Айчынную вайну».

Кажу, дык беларусы яшчэ і ў Другой cусьветнай удзельнічалі. І ў польскім войску, і ў брытанскім і нават у савецкім супраць японцаў. Я дапамог знаёмым: яшчэ салат «аліўе», «зь лёгкім парам» і «васьмое марта».

Зь Вікіпэдыі: «Дыя́спара (грэч.: διασπορά, «расьсейваньне») — частка народу (этнасу), якая пражывае па-за краінай свайго паходжаньня, утварае згуртаваныя і ўстойлівыя этнічныя групы ў краіне пражываньня, і мае сацыяльныя інстытуты для падтрыманьня і разьвіцьця сваёй ідэнтычнасьці і супольнасьці».

Калі ты «пражываеш» па-за СССР, цябе нейкім чынам перакінула ў Рэспубліку Беларусь, але ты маеш сацыяльны інстытут для падтрыманьня і разьвіцьця сваёй ідэнтычнасьці і супольнасьці, ты і ёсьць дыяспара.

У нашым выпадку людзі ня хочуць ці ня могуць прызнаць, што СССР няма. І што яны як сабакі на сене папросту замінаюць іншым ісьці да новага, непазьбежна новага. Хоць якога новага.

Важная прыкмета паняцьця «дыяспара» — сувязь з гістарычнай радзімай. Калі пра СССР, то Расея дэкляравала праваперайманьне. Але гэта пра права, а не пра сутнасьць. І тут пачынаецца самае балючае, бо сутнасьць была ў падпарадкаваньні. Ну якая там была супольная ідэнтычнасьць між хутаранінам з Маладэчанскага раёну і рыбаком з Архангельскайга Памор’я? Хіба ў войску разам служылі.

Зноў зь Вікіпэдыі: «Дыяспара можа граць таксама прыкметную ролю ў захаваньні нацыянальнай культуры і фарміраваньні нацыянальнай самасьвядомасьці». Сядзяць такія два дзяды: з маладэчанскага хутару і з паморскага рыбацкага пасёлку і прыгадваюць: «А памятаеш як мы прапаршчыку пысу набілі?». Вось і ўся супольная культурная памяць. І «аліўе» з «лёгкім парам».

Быць дыяспарай няіснай краіны са штучнай культурай на роднай зямлі — гэта драма. Ну хіба што калі ты ня зьехаў падалей, напрыклад, у Італію.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.