Увечары 16 лютага ў Менску адбыўся фінал Нацыянальнага адборачнага туру конкурсу. Зь дзевяці прэтэндэнтаў шляхам галасаваньня тэлегледачоў і прафэсійнага журы пераможцам стаў украінскі сьпявак ALEKSEEV.
Сьпявак ALEKSEEV (Мікіта Аляксееў) са сваім лірычным тэнарам трапіў у першыя радкі ўкраінскага шоў-бізнэсу ў 21-гадовым ўзросьце пасьля ўдзелу ў нацыянальным тэлевізійным конкурсе выканаўцаў «Голас краіны». І нягледзячы на тое, што пераможцам ня стаў, атрымаў дастаткова вялікую армію прыхільнікаў.
За чатыры гады пасьля конкурсу «Голас краіны» на ягоную пэрсанальную старонку ў Youtube падпісаліся 175 тысяч прыхільнікаў, яшчэ 90 тысяч — у сацыяльнай сетцы ВК і крыху больш як 7 тысяч — у Facebook. Найбольшую колькасьць падпісчыкаў Міката Аляксееў сабраў у Instagram — больш як 600 тысяч.
Другая спроба трапіць на Эўравізыю
Мікіта Аляксееў пачаў займацца музыкай ў 10-гадовым узросьце ў Кіеве. Нават прымаў удзел у дзіцячым конкурсе Эўравізыі, хаця і не перамог.
Сёлета падаваў заяўку на ўдзел у конкурсе эўрапейскіх выканаўцаў ад Украіны, але пазьней паводле ўласнай ініцыятывы яе адклікаў. Сам ён, як і ягоная каманда, гэты крок не патлумачылі, але ўкраінскія мэдыі зьвязалі яго з крытыкай расейскіх прыхільнікаў, на якіх ён нібыта пераважна і арыентуецца пры арганізацыі сваіх канцэртаў.
«Мікіта не надае пераваг пэўным аўдыторыям. Ён выступае па ўсіх краінах сьвету. Нядаўна выступаў з канцэртам ў Рызе, плянуе ў Баку, на новы год выступаў у Казахстане», — кажа ягоны PR-дырэктар Юлія Магілюк.
У Казахстане Мікіта Аляксееў сьпяваў ў навагоднюю ноч у сталічным клюбе ZOLOTO. За свой выступ ён атрымаў 20 тысяч даляраў, а ў сярэднім за 2017 год, паводле ягонай каманды, ганарар выканаўцы за выступ складаў 10 тысяч даляраў.
Сьпявак году ў Беларусі
У свае 24 гады Мікіта Аляксееў выглядае ці не найбольш тытулаваным украінскім поп-выканаўцам. У 2016 годзе атрымаў адразу некалькі музычных прэмій, пераважна расейскіх — «Муз-ТВ» «RU. TV», «Песьня году», «Гукавая дарожка МК» у намінацыі «Прарыў году».
У 2017 годзе ён таксама захаваў першыя радкі ў музычных прэміях, заснаваных у Расеі. І тады ж перамог у Беларусі ў намінацыі «Сьпявак году».
Сваё рашэньне вылучыцца на Эўравізію ад Беларусі для ўкраінскай аўдыторыі ён патлумачыў так.
«Мы часта выступаем у Беларусі. Тут ведаюць і любяць маю музыку. Летась былі канцэрты ў Менску, Гомлі, Баранавічах і іншых гарадах, таксама прыемна было выступіць на адкрыцьці фэстывалю „Славянскі базар — 2017“ у Віцебску. Я лічу сябе беларускім сьпеваком у тым ліку. Ведаю, што мае песьні гучаць тут, рэгулярна атрымліваю запрашэньне ў эфіры розных радыёстанцый і тэлеканалаў, а на любым зборным канцэрце публіка вітае вельмі цёпла... Мае прыхільнікі — адна вялікая краіна».
Яблык разладу
Сьпявак выказаў радасьць, калі трапіў у фінальную частку беларускага нацыянальнага адбору на Эўравізію.
«Я шалёна задаволены, што менавіта „Forever“ заваявала вашыя сэрцы», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Але менавіта з-за абранай песьні і пачаліся праблемы. Беларускія ўдзельнікі адбору патрабавалі ад арганізатараў дыскваліфікаваць Мікіту Аляксеева, матывуючы тым, што «Forever» насуперак умовам эўрапейскага конкурсу прагучала не ўпершыню.
Такія абвінавачаньні ў камандзе ўкраінскага сьпевака адпрэчылі — маўляў, песьня «Forever» упершыню выкананая 11 студзеня ў адборачным туры беларускага адбору на Эўравізію, а яе студыйная вэрсія выйшла ў сьвет 9 студзеня 2018 году.
Пасьпяховы выступ у фінале адбору
Увечары 16 лютага ў Менску адбыўся фінал Нацыянальнага адборачнага туру конкурсу. Зь дзевяці прэтэндэнтаў шляхам галасаваньня тэлегледачоў і прафэсійнага журы пераможцам стаў украінскі сьпявак ALEKSEEV.
Песьня «Forever» набрала максымальную колькасьць балаў па выніках рашэньня журы і галасаваньня гледачоў.
Мікіта Аляксееў кажа, што яго падтрымалі беларускія ўдзельнікі Эўравізіі мінулых гадоў — Алена Ланская, гурт Naviband ды Дзьмітры Калдун, зь якімі ён пазнаёміўся на першым этапе нацыянальнага адбору 11 студзеня.