Прычынамі адмовы, паводле яе, ня боязь канкурэнцыі ці няўпэўненасьць у перамозе, а «двайныя стандарты» да канкурсантаў.
Усё гэта адбываецца, кажа канкурсантка, пры адсутнасьці належнай і неадкладнай рэакцыі з боку НТРК на відавочныя парушэньні «Палажэньня аб удзеле» ў заяўцы артыста з Украіны Мікіты Аляксеева.
«Наўмыснае зацягваньне тэрмінаў і замоўчваньне хады расьсьледаваньня ў спалучэньні з «размытай» фармулёўкай афіцыйнай пазыцыі з боку НТРК прымушаюць нас засумнявацца ў чысьціні і адкрытасьці «нацыянальнага адбору», — адзначае сьпявачка.
У неадназначнай сытуацыі мэнэджар Соф’і Лапінай лічыць немагчымым удзел у «нацыянальным адборы».
«Не хвалюйцеся, дарагія сябры. Для мяне і для вас мінулыя падзеі — толькі прамежкавы этап на шляху да маёй мары. Трэба проста верыць! У наступны панядзелак я прэзэнтую новы відэакліп. Творчы шлях не перарываецца», — падсумавала Соф’я Лапіна.
У лістападзе відэа маладой сьпявачкі з Масквы зь беларускамоўнай песьняй узьляцела ў рэйтынгах расейскага YouTube, набраўшы больш за паўмільёна праглядаў за тыдзень. Настаўнікам дзяўчыны па вакале быў беларускі сьпявак Пётар Ялфімаў. Праўда, на беларускім адборы да «Эўравізіі» Лапіна выступала ўжо з англамоўнай песьняй.
Як пісала Свабода, сьпявак ALEKSEEV (Мікіта Аляксееў) трапіў у першыя радкі ўкраінскага шоў-бізнэсу ў 21-гадовым узросьце, пасьля ўдзелу ў нацыянальным тэлевізійным конкурсе выканаўцаў «Голас краіны». І займеў вялікую армію прыхільнікаў.
Сваё рашэньне вылучыцца на «Эўравізію» ад Беларусі для ўкраінскай аўдыторыі ён патлумачыў тым, што часта выступае ў Беларусі, дзе «ведаюць і любяць» ягоную музыку.
«Летась былі канцэрты ў Менску, Гомлі, Баранавічах і іншых гарадах, прыемна было выступіць на адкрыцьці фэстывалю „Славянскі базар“ у Віцебску. Я лічу сябе беларускім сьпеваком у тым ліку. Ведаю, што мае песьні гучаць тут, рэгулярна атрымліваю запрашэньні ў эфіры розных радыёстанцый і тэлеканалаў, а на любым зборным канцэрце публіка вітае вельмі цёпла... Мае прыхільнікі — адна вялікая краіна», — сказаў Алякееў.