25-гадовая алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова займаецца фрыстайлам ужо 19 гадоў. Свабода паразмаўляла зь першым трэнэрам фрыстайлісткі Юрыем Купрацэвічам, зь якім яна раілася перад пераможнымі спаборніцтвамі.
Хто такая Ганна Гуськова, якая прынесла Беларусі першы мэдаль на Алімпіядзе ў Пхёнчхане
Сямігадовую Аню ў фрыстайл прывялі бацькі разам зь сябрам Уладзімера Дашчынскага, заслужанага трэнэра БССР па фрыстайле.
«Тады гэты від спорту разьвіваўся. Уладзімер Іванавіч (Дашчынскі — РС) сказаў: „Паглядзі гэтую дзяўчынку, калі яна нешта зь сябе ўяўляе, вазьмі і працуй зь ёю“», — узгадвае Купрацэвіч.
Пачала зарабляць на фрыстайле ў 15 гадоў
Юры Купрацэвіч трэніраваў Гуськову 8 гадоў, зь ім яна стала перамагаць на этапах Кубку Эўропы. У 15 гадоў Ганну прынялі ў нацыянальную каманду па фрыстайле, дзе на працягу ўжо 10 гадоў спартоўка займаецца з трэнэрам Мікалаем Казекам. Разам зь пераходам у нацыянальную каманду Ганна стала атрымоўваць заробак, выступаць на этапах Кубку сьвету і прафэсійна ставіцца да спорту.
Міхаіл Казека: посьпех Ганны Гуськовай заканамерны
Нягледзячы на мары стаць журналістам ці фатографам, Гуськова не хацела спыняць заняткаў фрыстайлам.
«Яна ніколі не хацела кінуць фрыстайл. Калі спартовец акрамя працы ў залі на батуце ці сьцяжыне становіцца на лыжы, пачынае езьдзіць на зборы па гарналыжнай падрыхтоўцы і па скоках у ваду, у дзіцяці зьяўляецца інтарэс і яно пачынае жыць гэтым спортам», — кажа Купрацэвіч.
Мела праблемы з дысцыплінай
«За гэты год, мне так падаецца, яна пасталела і стала па-іншаму глядзець на трэніровачны працэс, — Юры Казакевіч кажа, што раней Ганна Гуськова мела іншае стаўленьне да спорту. — Раней Аня была дзяўчынкай, якая магла і пагаманіць, і пасьмяяцца, і махнуць рукой на тую працу, якую яна мусіла выканаць. За гэты год, я спадзяюся, яна пасталела і зразумела, што ёй сапраўды неабходна».
Прычыны посьпеху
Сёлетні сэзон у кар’еры Ганны Гуськовай самы пасьпяховы. Спачатку яна выйграла этап Кубку сьвету па фрыстайле ў Кітаі, а пасьля гэтага была другой на аналягічным этапе ў ЗША. Фрыстайлістка не прайшла кваліфікацыю на Алімпіяду-2014, але пазьней Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту дала Беларусі дзьве дадатковыя жаночыя ліцэнзіі на выступ у Сочы. Так Гуськова дэбютавала на Алімпіядзе, каб атрымаць праз 4 гады залаты мэдаль у Пхёнчхане.
«Сэзон у нас (фрыстайлістаў — РС) пачынаецца ў красавіку-траўні. У гэтым сэзоне яна зрабіла вялікі крок наперад: пачала рабіць трайныя сальта, дагэтуль яна рабіла іх толькі на ваду, сёлета яна перанесла гэта на сьнег. Яна стала рабіць сальта на Кубку сьвету, і ў яе зьявілася ўпэўненасьць у гэтых скоках», — называе прычыны посьпеху першы трэнэр.
Сёлета на Алімпіядзе ад фрыстайлістаў патрабавалася выконваць розныя скокі ў фінале. Дзякуючы разнастайнасьці з трайнымі сальта, Гуськова і стала чэмпіёнкай, мяркуе Юры Купрацэвіч.
Паводле трэнэра, на гэтых Алімпійскіх гульнях у кваліфікацыі па фрыстайле трайное сальта рабілі толькі шэсьць спартоўцаў, сярод іх тры беларускі — Ганна Гуськова, Ала Цупер і Аляксандра Раманоўская. Апошняя таксама пачынала трэніравацца ў Купрацэвіча. Акрамя беларускіх фрыстайлістак трайное сальта сёлета выконвалі прадстаўніцы ЗША, Кітаю і Ўкраіны.
«Нам патрэбныя былі мэдалі і вынікі, нам трэба было паказаць, што мы ня проста так праядаем грошы».
«Бачна, што яна вельмі стомленая»
Напярэдадні пачатку кваліфікацыі па фрыстайле Ганна тэлефанавала свайму першаму трэнэру.
«Яна сказала, што ў яе ўсё добра, яна выдатна сябе адчувае».
Купрацэвіч кажа, што вельмі хацеў, каб нехта зь беларусак стаў сёньня алімпійскай чэмпіёнкай.
«Я не чакаў, што я здатны на такі крык, — распавядае Купрацэвіч пра сваю рэакцыю на выступ Гуськовай. — Гэта быў усплёск энэргіі, кожны скок мяне моцна ўразіў».
У Раўбічах, дзе цяпер праходзіць Кубак Эўропы, Ганну Гуськову віншавалі з алімпійскім золатам праз мэсэнджэр фрыстайлісты Юры Купрацэвіч, Максім Самойлаў і Дзьмітры Дашчынскі.
«Аня з узвышаным настроем, з усьмешкай на твары. Яна задаволеная сабою, хаця рэальна бачна, што яна вельмі стомленая псыхалягічна і фізычна».