Архітэктар Палаца Рэспублікі прапанаваў альтэрнатыву будынку Dana Holdings на Кастрычніцкай плошчы

Праект будынка на Кастрычніцкай плошчы (Менск). Аўтар: Міхаіл Пірагоў

Архітэктар Міхаіл Пірагоў прапанаваў альтэрнатыву будынку бізнэс-цэнтру Dana Holdings на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Праект апублікаваў Беларускі саюз архітэктараў.

Заслужаны архітэктар БССР Міхаіл Пірагоў працаваў галоўным архітэктарам комплексу аб’ектаў на Кастрычніцкай плошчы, у тым ліку Палаца Рэспублікі. На месцы былога музэю Вялікай Айчыннай вайны Пірагоў прапануе пабудаваць чатырохпавярховы забаўляльны цэнтар з фудкортам, канцэртнай заляй, коўзанкай, боўлінгам і дзіцячай зонай. Прапанаваны будынак мае гадзіньнікавую вежу з пляцоўкай для агляду і шклянымі ліфтамі.

Праект будынку на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Аўтар: Міхаіл Пірагоў

Варыянт Dana Holdings:

На месцы былога музэю Вялікай Айчыннай вайны на менскай Кастрычніцкай плошчы кампанія Dana Holdings прапанавала збудаваць бізнэс-цэнтар, які, на думку аўтараў, спалучаў бы клясычны і сучасны стылі. Указ аб будаўніцтве падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Але ідэя спадабалася далёка ня ўсім — на petitions.by супраць праекту падпісаліся больш як 4000 карыстальнікаў.