Не пасьпеў высахнуць атрамант пад прысудам «Рэгнуму», як у сацсетках зьяўляецца прадукцыя іншых аматараў брутальнай саўковай прапаганды расейскага разьліву, дзе беларусу даводзяць, што Беларусь як незалежная дзяржава са сваімі памятнымі датамі, кшталту сьвяткаваньня стогадовага юбілею БНР, у сучасны расейскі кантэкст не ўкладаецца.
На тле будынка БТ на вуліцы Макаёнка ў Менску зьяўляюцца нейкія новасьпечаныя відэаблогеры й тлумачаць беларусам сваю інтэрпрэтацыю нашай нацыянальнай гісторыі, паходу закідаючы прэтэнзіі ў недастаткова прарасейскай пазыцыі яшчэ ня зьнятаму з пасады старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Давыдзьку.
Калі глядзіш іх ролік, то дасьведчаным вокам заўважаеш неінтэрнэтную якасьць карцінкі, вялікую колькасьць выкарыстанай цяжкадаступнай хронікі Другой сусьветнай вайны, прафэсійны мантаж.
З гэтага вынікае:
1. Што ў аўтараў на гэта ёсьць грошы;
2. Што аўтары ў прынцыпе не баяцца лёсу сваіх аднадумцаў з «Рэгнуму» і адчуваюць нябачную палітычную падтрымку;
3. Што гэткія зьявы самі па сабе не адбываюцца, яны частка агульнай мэдыйнай кампаніі, скіраванай на дэстабілізацыю нашай краіны.
Недарэчы было б зьвязваць адстаўку Давыдзькі з гэтым выпадкам, але, думаю, сувязь усё ж ёсьць, праўда сувязь іншага кшталту.
Улада РБ, нягледзячы на прысуд «Рэгнуму», па вялікім рахунку ня здолела зьняць пытаньне «рэгнумаўцаў» з парадку дня й даць рады ў прапагандысцкіх сутычках з Масквой, хоць ясна адчувала й адчувае пагрозу для сябе.
У гэтым сэнсе трэба прызнаць, што адстаўкі Якубовіча, Давыдзькі, Казіяткі — лягічны крок, бо ўсе трое выглядаюць бездапаможна, калі ў інфармацыйна-прапагандысцкіх войнах маюць справу не з прыдушанымі беларускімі апазыцыйнымі выданьнямі, але з прафэсійнымі расейскімі.
Гэтаксама непераканаўча выглядала беларуская прапагандысцкая машынка на ўнутраным фронце са сваімі «фраў А.», «легіёнамі чорных душ», адказамі на дармаедзкія мітынгі, абсалютна не пераканаўшы народ у сваёй рацыі і прайграўшы начыста грамадзкім відэаблогерам-актывістам, кшталту гомельца Філіповіча.
Як ні круці, у вядучых дзяржаўных мэдыйных рэсурсаў няма адэкватнага ці хаця б больш-менш уцямнага адказу на выклікі часу. Эпоха зьмянілася, а мэтодыка дзяржаўнай прапаганды засталася, як у сярэдзіне 1990-х. На ўзроўні даўно забытых «Детей лжи».
Цяжка сказаць, ці будуць пасьпяховымі ў змаганьні на прапагандысцкіх франтах новыя прызначэнцы, але горш за Давыдзьку й Казіятку (Якубовіча ўсё ж выведзем з гэтага шэрагу), якія прайгралі ўсё, што было можна, яны пэўна ня будуць.
Іншая рэч, што быць ня горшымі тут і цяпер ужо мала, бо ідэалягічны фронт паступова трансфармаваўся з нутранога ў зьнешні, і апанэнты — ня кволыя недзяржаўныя выданьні, а правераная Ўкраінай, наладжаная прапагандысцкая машына іншай, больш магутнай дзяржавы.
Тэлевізійны бізун губляе актуальнасьць, у сучасных умовах на шляхах інфармацыйнай вайны больш патрэбныя новыя ідэі, значна шырэйшы кругагляд, якога дзяржпрапаганда сёньняшняга ўзору ня мае і мець ня можа, бо, як і ўлада РБ, жыла адным днём і не заўважыла, калі прыйшло трывожнае заўтра.
Прапаганда мусіць стаць творчай, нацыянальнай, драйвовай. А для гэтага патрэбная свабода. Цяжка прапагандыстам, што выгадаваныя ў сыстэме ручнога кіраваньня, прымаць нестандартныя, нязвыклыя, нечаканыя рашэньні, якіх патрабуе час.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.