Беларускія дэпутаты ўпершыню за 25 год паедуць у Швайцарыю

Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі

Першы афіцыйны візыт на парлямэнцкім роўні за ўсю 25-гадовую гісторыю дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Швайцарыяй пачнецца 27 лютага.

Цягам трох дзён беларуская дэлегацыя на чале з старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам будзе вывучаць досьвед адной з найстарэйшых дэмакратый сьвету. Пра гэта Свабодзе сёньня сказаў старшыня міжнароднай камісіі Палаты Валер Варанецкі.

«Мы спадзяёмся таксама, што гэты візыт дасьць плён і ў эканамічнай сфэры. Нам патрэбныя сурʼёзныя інвэстыцыі. Думаецца, што досьвед, які атрымаў швайцарскі бізнэс на прыкладзе супрацы ў Беларусі па вытворчасьці вагонаў „Штадлер“, будзе спрыяць і новым праектам», — сказаў Варанецкі.

Спадар Варанецкі дадаў, што сёлетні год стане годам больш інтэнсіўных парлямэнцкіх двухбаковых кантактаў.

«Летась мы акцэнтаваліся на дзьвюх вялікіх міжнародных падзеях у Менску — сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы. Сёлета больш увагі будзе аддавацца менавіта двухбаковым кантактам», — сказаў старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Палітоляг: «Ня трэба перабольшваць значэньне такіх кантактаў»

Андрэй Фёдараў

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў зьвяртае ўвагу на тое, што ў апошні ўікэнд у Менск прылятала швайцарская дэлегацыя на чале са старшынём Камітэту па зьнешняй палітыцы Фэдэральнага сходу Швайцарыі спадаром Лямбардзі, якую прымаў сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.

«І вось тут высьвятляецца адна цікавая дэталь. Спадар Лямбардзі адначасова зьяўляецца і сустаршынём групы дружбы „Швайцарыя — Беларусь“. Так, у пэўнай ступені можна казаць, што Нацыянальны сход прарваў блякаду эўрапейскіх парлямэнтаў. Але калі паглядзець на тыя парлямэнцкія дэлегацыі з эўрапейскіх краін, якія летась наведвалі Беларусь, то кідаецца ў вочы, што ў іх складзе, за выключэньнем дэлегацый Польшчы і Латвіі, якія ачольвалі віцэ-сьпікеры, не было ніводнай першай парлямэнцкай асобы. Таму нельга назваць такое партнэрства раўназначным», — сказаў экспэрт.

Палітоляг падкрэсьлівае: у эўрапейскіх парлямэнтах ведаюць, што Нацыянальны сход Беларусі не выконвае функцыю паўнавартаснага парлямэнту. Таму кіраўнікі заканадаўчай улады эўрапейскіх краін і пазьбягаюць кантактаў са сваімі беларускімі калегамі.

У 2017 годзе беларускія афіцыйныя парлямэнцкія дэлегацыі мелі намер наведаць Польшчу і Сэрбію. Адбылася паездка толькі ў Польшчу. Летась не даехалі да Менску афіцыйныя парлямэнцкія дэлегацыі Мальты, Славаччыны і Чэхіі, візыт якіх на пачатку 2017 году анансаваўся.