Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў назваў «немэтазгоднай» прапанову палітычных лідэраў арганізаваць круглы стол на тэму дзедаўшчыны ў беларускім войску.
Такую ініцыятыву 17 студзеня агучылі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч падчас асабістага прыёму ў кіраўніка абароннага ведамства ў Наваградзкім райвыканкаме.
Аднак адказ міністра, атрыманы палітыкамі, засьведчыў, што Андрэй Раўкоў ня бачыць патрэбы выносіць тэму на публічнае абмеркаваньне.
«Вашы прапановы разгледжаны, лічу іх рэалізацыю немэтазгоднай», — ляканічна напісаў генэрал-лейтэнант.
«Міністар Раўкоў адпісаўся, цуду ня здарылася, — пракамэнтаваў ліст Лябедзька. — Нашым генэралам цяжка выбірацца з савецкага мінулага. Няма ні волі, ні жаданьня, ні ціску зьнізу, ні запыту зьверху».
Што ж адпрэчыў міністар?
Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч падчас прыёму выставілі наступныя прапановы.
1. Правесьці ў сакавіку круглы стол аб праблеме дзедаўшчыны ў войску. Прапаноўвалася сабраць разам прадстаўнікоў Міністэрства абароны, чальцоў грамадзкіх арганізацыяў, а таксама экспэртаў з краінаў, дзе гэтае пытаньне ўжо вырашана.
2. Аб’яднаць намаганьні і стварыць пры Мінабароны рабочую групу, якая пачала б працу над унясеньнем зьменаў у закон «Аб статусе вайскоўца».
3. Замест Суворава паставіць на пастамэнт Касьцюшку. Іншымі словамі, надаць вайсковай вучэльні імя Тадэвуша Касьцюшкі замест ката беларускага народу Аляксандра Суворава.
«Тым самым нам даюць зразумець: Міністэрства абароны застаецца закрытым ваенным аб’ектам з вартавымі вежамі і казармай, уздоўж якой з аўтаматам ходзіць пільны Раўкоў, — так адрэагаваў на адказ міністра Анатоль Лябедзька. — Найлепшым сродкам барацьбы зь дзедаўшчынай генэрал лічыць мінімум інфармацыі, якая прасочваецца зь яго ведамства. Ну што ж, з такой стратэгіяй застаецца толькі чакаць чарговага скандалу, чарговай бессэнсоўнай сьмерці!»
Нагодай для звароту апазыцыянэраў да кіраўніка абароннага ведамства стала чарада сьмерцяў салдат у вайсковых частках. У шэрагу выпадкаў ёсьць падазрэньні, што гэты былі не суіцыды, на якія спрабавалі ўсё сьпісаць, а гвалт з боку стараслужачых — вайскоўцаў старэйшага прызыву.
Найбольшы рэзананс выклікала гібель леташнім кастрычнікам у Печах пад Барысавам курсанта Аляксандра Коржыча.