Клюб былых рэдактараў. Чым запомняцца звольненыя босы дзяржаўных мэдыя

Пэрфоманс у падтрымку свабоды слова ў Беларусі, 2015 год

Свабода прыгадвае, чым запомніліся на пасадах былыя кіраўнікі Белдзяржтэлерадыёкампаніі, тэлеканалу СТБ і афіцыйнага выданьня прэзыдэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня» Генадзь Давыдзька, Юры Казіятка і Павал Якубовіч, звольненыя сёньня Лукашэнкам.

Агучыў прапагандысцкі фільм, «фраў А.», «Пагоня» пад пінжаком

Генадзь Давыдзька ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію з 28 сьнежня 2010 году.

Генадзь Давыдзька

  1. Агучыў прапагандысцкі фільм «Плошча. Железом по стеклу», які распавядаў пра вулічны пратэст апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году ў Менску. У ім даводзілася, што гэта была спроба дзяржаўнага перавароту.
  2. Стварыў праграму «Клюб рэдактараў», у якой рэгулярна атакаваў апазыцыю і незалежныя мэдыя. Прадэманстраваў у тэлеэфіры, што носіць майку з «Пагоняй» — зь гербам Віцебскай вобласьці.
  3. Пасьля разгону Дня Волі ў 2017 годзе на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм пра «справу патрыётаў» — «Белы легіён чорных душ». Сярод іншага, на экране зьявілася «фраў А.», якая нібыта паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых забурэньняў у Менску.
  4. Падчас пратэстаў супраць дэкрэту «пра дармаедаў» на БТ выйшаў 25-хвілінны «спэцыяльны рэпартаж» пад назвай «Званок сябру», дзе прыводзіліся «запісы тэлефанаваньняў» аднаго зь лідэраў апазыцыі Міколы Статкевіча.
  5. Выдаў кнігу «Лов слов», у якой літаратуразнаўцы ўбачылі прыкметы графаманства, і ўзначаліў праўладную арганізацыю «Белая Русь».

Ксэнафонт Супэрфасфатаў, «змовы» і «апэрацыі»

Павал Якубовіч быў галоўным рэдактарам газэты «СБ. Беларусь сегодня» з 1995 году.

Павал Якубовіч

  1. У верасьні 2001 году, за чатыры дні да прэзыдэнцкіх выбараў, выйшаў бясплатны спэцвыпуск газэты з артыкулам «Апэрацыя «Белы бусел», у якім сьцьвярджалася, што беларуская апазыцыя з дапамогай заходніх дыпляматаў і спэцслужбаў падрыхтавала плян гвалтоўнага адхіленьня ад улады прэзыдэнта Лукашэнкі.
  2. У сакавіку 2009 году «СБ. Беларусь сегодня» надрукавала артыкул «Много у нас диковин, каждый чудак — Бетховен». Аўтар артыкула Ксэнафонт Супэрфасфатаў зьдзекліва выказаўся адносна праваабаронцаў Яны Паляковай і Алега Воўчака. Палякова празь дзень пасьля публікацыі павесілася. Пасквіль і аўтар Супэрфасфатаў зьніклі з сайту газэты, а Якубовіч пазьней прызнаў, што гэта адзін зь ягоных псэўданімаў.
  3. Выйшаў артыкул зь «некаторымі рассакрэчанымі дакумэнтамі» пра падзеі 19 сьнежня 2010 году «За кулісамі адной змовы». У ім, між іншым, сьцьвярджалася, што Нямеччына і Польшча дапамагалі рыхтаваць «дзяржаўны пераварот» у Беларусі.
  4. У красавіку 2017 году зьявіўся прапагандысцкі артыкул «Імя ім — легіён», прысьвечаны так званай «справе баевікоў», або справе «Белага легіёну».

    У студзені 2018 году орган прэзыдэнцкай адміністрацыі апублікаваў прыватны ліст ад пэнсіянэркі з Паставаў Рэгіны Ластоўскай, у якім яна выказалася супраць стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Беларусі. Ліст быў дасланы Якубовічу год таму.
  5. Паспрыяў, каб КДБ дазволіў Маі Кляшторнай азнаёміцца са справай яе маці, рэпрэсаванай у сталінскі пэрыяд. Узначаліў грамадзкую працоўную групу, якая займаецца праектам помніка рэпрэсаваным у Курапатах.

Сьпіс неўязных, танцоўшчыцы go-go, вышыванка для прэзыдэнта Эквадора

Юры Казіятка са сьнежня 2005 году быў генэральным дырэктарам тэлеканала СТБ (ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне»).​

Юры Казіятка

  1. ​Уваходзіў у сьпіс асобаў, якім быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. У гэтым жа сьпісе былі Генадзь Давыдзька і Павал Якубовіч.
  2. У 2013 годзе выбухнуў скандал: на конкурсе прыгажосьці «Міс Менск», які быў арганізаваны сталічнымі ўладамі разам з тэлеканалам СТБ, перамаглі стрыптызэркі і танцоркі начных клюбаў.
  3. Ад 2015 году на СТВ спыніўся выхад праграмы Юрыя Жыгамонта «Падарожжы дылетанта», бо ў канала больш не знайшлося на яе грошай.
  4. 25 сакавіка 2017 году СТВ паказала сюжэт пра тое, што ў кіроўцы Статкевіча нібыта канфіскавалі пляшкі «з пахам гаручай сумесі». Маўляў, супрацоўнікі КДБ атрымалі апэратыўную інфармацыю пра правакацыю, якая рыхтавалася падчас несанкцыянаванай акцыі.
  5. У праграме «Карціна сьвету» на канале «РТР-Беларусь», якую вёў штотыдзень, прыйшоў у вышыванцы на інтэрвію з прэзыдэнтам Эквадора. І падарыў госьцю вышыванку.


Паляваньне на зуброў, альбо Ці можна выйграць прайграную вайну