Кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька прапанаваў кіраўніку БНФ Кастусёву «вынесьці на шырокую публічную дыскусію ня толькі пытаньні панэгірычнага кшталту аб стварэньні БНР», але і закрануць «такія неадназначныя пытаньні, як сумнавядомы зварот Рады БНР да „Яго імпэратарскай Велькасьці Нямецкага Кайзэра“ або мэмарандум старшыні БНР у эміграцыі Васіля Захаркі з заклікам да Гітлера пра падтрымку».
Зварот для Свабоды пракамэнтаваў кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч з Горадні, які дасьледуе дзеі Беларускай Народнай Рэспублікі.
Тэлеграма кайзэру — вымушаны дыпляматычны крок
«Гэта факт з гісторыі БНР, які зьвязаны з канкрэтным кантэкстам. Тэлеграма такая была паслана ў красавіку 1918 году, калі здавалася, што толькі Нямеччына можа вырашыць лёс рэспублікі, бо фактычна Беларусь аказалася падзеленая паміж суседзямі. Гэты дыпляматычны крок быў вымушаны. Ён ня меў выніку. І прывёў да значнага крызісу ўнутры Рады», — кажа Андрэй Чарнякевіч.
Але казаць толькі на гэтай падставе, што БНР не зрэалізавалася, не выпадае, дадае гісторык.
Наагул гэтыя абвінавачаньні гучаць фактычна з 1918 году, зазначае Андрэй Чарнякевіч. У ліпені таго году ў Маскве расейскія эсэры, нават гэта былі не бальшавікі, на мітынгу выступілі з крытыкай такога кроку. Аднак найбольш вострай была крытыка з боку саміх беларускіх дзеячоў. Рак-Міхайлоўскі, які быў у Кіеве, вельмі рэзка ацаніў яго, Грыб з Бадуновай. Яны выйшлі са складу Рады разам зь іншымі, хто стварыў партыю эсэраў.
«Так што трэба разумець, што гэты крок не знайшоў падтрымкі сярод усіх чальцоў Рады», — падкрэсьлівае Чарнякевіч.
Бальшавікі падзялілі Беларусь папалам
Закідам Давыдзькі можна запярэчыць вельмі проста, мяркуе гісторык: урад Савецкай Расеі заключыў нават дамову з кайзэрам, прычым гэта адбылося раней, чым зь Менску даслалі ў Бэрлін тую тэлеграму. Дамову зь немцамі бальшавікі падпісалі 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці. І гэта быў той ганебны мір, паводле якога яны падзялілі Беларусь.
СССР, а не БНР быў саюзьнікам Гітлера да 1941 году
Тое ж самае можна сказаць адносна мэмарандуму Беларускай Рады ў Празе, падпісанага Васілём Захаркам і Іванам Ермачэнкам, які быў апублікаваны 20 красавіка 1939 году, да пачатку вайны, і быў просьбай дазволіць беларускія грамадзкія арганізацыі ў Чэхіі:
«Калі ён зьвяртаўся фактычна як непрызнаная асоба, то Савецкі Саюз у тым жа 1939 годзе заключае зусім афіцыйнае пагадненьне зь Нямеччынай. Калі казаць пра маральны бок, то напэўна Захарка не зрабіў нічога такога, чаго не зрабілі бальшавікі», — кажа Чарнякевіч.
З пункту гледжаньня сёньняшняга дня звароты да кайзэра і да Гітлера толькі кампрамэтавалі БНР, а нічога ёй не далі. Аднак гэта не падстава, каб рабіць закіды ў бок самой БНР, мяркуе гісторык.
Пазьней, калі пачалася вайна, Захарка адмовіўся ад прапановы нямецкіх уладаў падтрымаць палітыку Гітлера.