Падчас дыскусіі пра РПЦ у Беларусі я назваў мітрапаліта Паўла ягоным пашпартным іменем — Георгі Васілевіч Панамароў. Суразмоўца зрабіў заўвагу, маўляў, «гэта непавага да эпіскапа, да царквы, да нашых суайчыньнікаў, якія да гэтай царквы належаць».
Я сьвецкі чалавек, які жыве ў сьвецкай краіне. Я лічу, што за словам «абраза» ў кантэксьце дыскусіі стаяць канкрэтныя сэнсы: лаянка, высьмейваньне рэлігіі і рэлігійных пачуцьцяў. А нэўтральнасьць ня ёсьць абразай. Імя ў пашпарце —нэўтральнасьць.
Для мяне БПЦ/РПЦ — гэта беларуская юрыдычная асоба. Якая дэ факта кіруецца з-за мяжы.
Як сьвецкага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь мяне трывожаць выказваньні галавы юрыдычнай асобы БПЦ/РПЦ. Мітрапаліт Павел шырока прагучаў у Беларусі чатыры гады таму пасьля сваёй фразы-пагрозы пра «чарнобыльскі кранік», за якую пасьля апраўдваўся: «Гаворка ішла пра тое, што з Расеяй нельга гаварыць з пазыцыі сілы, навязваць тое, чаго мы ня хочам». Сам факт падобнага выказваньня сьведчыць, што мітрапаліт — частка сьвецкага і нават палітычнага жыцьця.
РПЦ афіцыйна расшыфроўваецца як «Руская праваслаўная царква». Але «Русь», «рускае» — гэта гістарычныя паняцьці. Маскоўскі патрыярхат РПЦ ствараўся адразу з прэтэнзіяй на права кіраваньня землямі, далёкімі ад Маскоўскага княства. Гаворка пра землі сучаснай Украіны і Беларусі ў першую чаргу.
З часам Масковію перайменавалі ў «Russia». Менавіта толькі ў лацінічны варыянт, які пазьней у расейскай мове трансфармаваўся ў «Россия». Гэта быў важны з гледзішча прамоцыі краіны рэбрэндынг, зроблены Пятром Раманавым (Першым). А РПЦ засталася як «руская», а не «российская». Хоць у сутнасьці ад пачатку рэлігійная арганізацыя ёсьць менавіта расейскай, а ня рускай, праваслаўнай царквой.
Цяпер РПЦ ня можа адкрыта адмаўляць беларусам і ўкраінцам у праве на ўласную нацыянальную ідэнтычнасьць і дзяржаўнасьць. Таму выкарыстоўваецца загадкавы для многіх прыхаджан тэрмін «трыадзіны народ». Раней былі «вялікаросы» з падкатэгорыямі «маларосы» і «беларусы», а цяпер «трыадзіныя». «Ты чыіх будзеш? — Трыадзіных».
Як сьвецкі чалавек і грамадзянін, я ідэалёгію «трыадзінства» ўспрымаю як пагрозу незалежнасьці Беларусі. Беларусам накідаецца чужое бачаньне іх як суб'екта. Калі б вялося пра адзінства вернікаў, я б разумеў, калі пра «народ» — гэта чыстая палітыка.
Такім чынам, я, як сьвецкі грамадзянін Рэспублікі Беларусь, паважаю рэлігійныя пачуцьці сваіх суграмадзянаў, не дапускаю лаянкі ці высьмейваньня на іх адрас. Тым ня менш, я ўспрымаю РПЦ як замежную арганізацыю, якая сярод іншага бярэ ўдзел у сьвецкім жыцьці Беларусі і ёсьць палітычным фактарам хоць бы праз выказваньні сваіх кіраўнікоў. Арганізацыю, якая сярод іншага вызнае маскоўскае бачаньне гісторыі і сучаснасьці Беларусі і прапаведуе сваё бачаньне пад час службаў — «трыадзіны народ».
Мітрапаліт Павел чарговы раз сказаў рэч, якая дэ-факта можа паспрыяць распальваньню рэлігійнай варажнечы. Зразумела, што пад выказваньнем на адрас грэка-католікаў «у вас свой Бог» мелася алегорыя, складаны вобразны ход. Магчыма, жаданьне патлумачыць, як па-рознаму людзі і цэлыя цэрквы могуць бачыць і разумець слова «Бог». Толькі сьвецкія людзі, якія чуюць фразу ў дзяржаўнай тэлевізіі, не абавязаныя разьбірацца ў тэалёгіі. Яны чуюць што чуюць, бяз вобразнасьці.
Таму калі я прачытаў пра «свайго Бога», я напісаў кароткі допіс у фэйсбуку. «Быць беларусацэнтрычным чалавекам, а нават проста любіць сваю краіну і жадаць ёй дабра, і адначасова быць прыхаджанінам прыходу РПЦ Маскоўскага патрыярхату — той яшчэ квэст». З гэтага паста і пачалася дыскусія, якую я цытую на пачатку гэтага тэксту.
Выказваньні кіраўніка БПЦ/РПЦ — прыватнасьці. Сама сутнасьць РПЦ як юрыдычнай асобы ў сьвецкім і палітычным полі — глябальная рэч.
Я разумею, наколькі складана беларусацэнтрычным прыхаджанам РПЦ. З аднаго боку, яны як хрысьціяне моляцца за ўсіх, у тым ліку тых, хто можа жадаць Беларусі вяртаньня ў стан калёніі. Зь іншага боку, у сьвецкім жыцьці мы грамадзяне, і ня мусім зблытваць таямніцу сваёй і супольнай веры з поглядамі грамадзяніна.
Праблема ў тым, што многім нашым суграмадзянам цяжка адрозьніваць сваё ўнутранае духоўнае жыцьцё ад жыцьця грамадзянскага. А трэба адрозьніваць. Памаліцца падчас службы за душу мітрапаліта, але пасьля пакрытыкаваць яго як грамадзяніна — гэта ня толькі можна, гэта трэба. Усьведамляць, што твой прыход дэ-факта частка палітычнага жыцьця, кіраванага з Расеі, але пры гэтым быць вернікам — гэта правільна. Пры ўмове што ты адрозьніваеш веру ад сьвецкага жыцьця.
Калі ж пераплятаць веру з грамадзянскай пазыцыяй, значыць, надалей заставацца ў палоне чужой палітыкі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.