Толькі на «лісты шчасьця» пайшло 80 тысяч даляраў. Колькі каштаваў адменены «дармаедзкі» дэкрэт

На распрацоўваньне, рэалізацыю і адмену Дэкрэту № 3 спатрэбілася больш за тры гады працы. Свабода паспрабавала ацаніць, якія выдаткі, грашовыя і іншыя, панесла дзяржава ў сувязі з прыняцьцем і рэалізацыяй скандальнага «дармаедзкага» Дэкрэту № 3.


Больш за 80 тысяч даляраў патрацілі толькі на «лісты шчасьця»

Тэрмін выплаты збору па Дэкрэце № 3 канчаўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, агулам збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек. «Лісты шчасьця» разаслалі 470 тысячам. На некаторых зь іх быў пазначаны кошт перасылкі — 36 капеек. З гэтага вынікае, што толькі на «лісты шчасьця» было патрачана каля 170 тысяч рублёў дзяржаўных грошай (гэта без уліку кошту канвэртаў і паперы, на якой друкаваліся паведамленьні).


«База дадзеных аб прыбытках грамадзян Беларусі» за 500 тысяч даляраў

У лютым 2016 году кіраўнік галоўнага ўпраўленьня падаткаабкладаньня Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька сказаў, што ў краіне будзе створаная адмысловая інфармацыйная база дадзеных, якая дапаможа зьбіраць інфармацыю для рэалізацыі Дэкрэту № 3. База павінна была абнаўляцца ў аўтаматычным рэжыме.

Праз год, у лютым 2017-га, на сайце з інфармацыяй пра дзяржаўныя закупы зьявіўся тэндэр на распрацоўку «інфармацыйнай базы дадзеных аб прыбытках грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь». Кошт распрацоўкі — 1 мільён 175 тысяч рублёў. На дадзены момант (26 студзеня 2018 году) інфармацыі пра гэты тэндэр на сайце дзяржзакупаў няма.


Чыноўніка-гадзіны

Падлічыць, колькі агулам чалавек былі занятыя працай па рэалізацыі палажэньняў Дэкрэту № 3, маларэальна. Але можна пералічыць структуры. Вядома, што тэкст дакумэнту распрацоўваўся ў Адміністрацыі кіраўніка краіны пры ўдзеле профільных міністэрстваў (у першую чаргу гэта Міністэрства па падатках і зборах, а таксама Міністэрства працы і сацыяльнай абароны), затым праект дакумэнту разглядаўся ў пастаяннай камісіі пры Палаце прадстаўнікоў, пасьля за яго там жа галасавалі яе дэпутаты, яшчэ пазьней быў Савет Рэспублікі.

Але яшчэ больш людзей працавала над рэалізацыяй Дэкрэту № 3. Пры кожным са 118 райвыканкамаў была створаная камісія (з 4–5 чалавек), якая разглядала скаргі «дармаедаў». Чыноўнікі выяжджалі на месцы, ацэньвалі ўмовы жыцьця людзей, шукалі ім працу. Падатковыя інспэкцыі на месцах рассылалі ўжо згаданыя «лісты шчасьця». Гадзіна працы беларускага дзяржслужачага каштуе прыкладна 5 рублёў (сярэднямесячны заробак, падзелены на колькасьць працоўных гадзін). Гадзіна працы дэпутата абыходзіцца дзяржаўнаму бюджэту ўдвая даражэй — каля 10 рублёў.


Пошукам «дармаедаў» зімой і вясной 2017 году займаліся ня толькі супрацоўнікі райвыканкамаў і раённых падатковых інспэкцый. Ім актыўна дапамагалі ў ДАІ (там шукалі, ці ёсьць у патэнцыйных «дармаедаў» транспартныя сродкі) і нават Памежным камітэце (памежнікі адсочвалі, як часта «дармаеды» езьдзілі за мяжу). Бонусам да ўсёй гэтай працы можна дадаць выдаткі на разгон дэманстрацыі на Дзень Волі і працу шматлікіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў на «дармаедзкіх» акцыях пратэсту па ўсёй краіне.

Ацаніць (у грашовым эквіваленце) працу міліцыі на дэманстрацыях пратэсту няпроста. Але ў тым жа сакавіку 2017 году афіцыйны прадстаўнік МУС Канстанцін Шалькевіч інфармаваў, што гадзіна працы міліцэйскага нараду (з выездам на месца) з двух чалавек каштуе дзяржаўнаму бюджэту каля 100 рублёў.


Колькі «зарабілі» на Дэкрэце № 3?

Вядома, што «дармаедзкі» збор пасьпелі сплаціць каля 54 тысяч чалавек. Дзяржава зарабіла на «сацыяльных утрыманцах» прыкладна 1 мільён даляраў (калі дапусьціць, што яны заплацілі па 20 б. в.). Пасьля падпісаньня Дэкрэту № 1 стала зразумела, што ўсе яны маюць права вярнуць свае грошы назад. Працэдура нескладаная — трэба напісаць заяву і падаць яе (пакуль дакладна не вядома, куды), прад’явіўшы пашпарт. Грошы абяцаюць вярнуць цягам месяца на банкаўскі рахунак або наяўнымі. Колькі чыноўніка-гадзін спатрэбіцца, каб апрацаваць 54 тысячы заяў, сказаць складана. У райвыканкамах кажуць, што схему вяртаньня грошай пакуль не адпрацавалі, і раяць «зьвяртацца з заявамі ва ўпраўленьне па працы і сацыяльнай абароне».

Якімі будуць паступленьні ў бюджэт ад новага Дэкрэту № 1, пакуль можна толькі здагадвацца. Яго падрабязнасьці зьявяцца не раней за сярэдзіну вясны.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 з афіцыйнай назвай «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» 2 красавіка 2015 году. Аднак вядома, што праца над дакумэнтам пачалася значна раней. Яшчэ летам 2013 году тагачасны прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч казаў, што трэба ўвесьці адмысловы падатак для беспрацоўных.

У народзе Дэкрэт № 3 хутка назвалі «дармаедзкім», а паведамленьні пра неабходнасьць сплаціць збор (так званыя «лісты шчасьця») выклікалі хвалю пратэстаў па ўсёй краіне. У выніку выкананьне Дэкрэту № 3 часова прыпынілі, а сам дакумэнт накіравалі на дапрацоўку.

25 студзеня 2018 году стала вядома, што кіраўнік краіны падпісаў новы «дармаедзкі» дакумэнт — Дэкрэт № 1. Паводле яго «дармаедзкі падатак» адмяняецца, а беспрацоўныя працаздольныя беларусы з 1 студзеня 2019 году будуць абавязаныя плаціць поўную цану за датаваныя дзяржаваю паслугі. Якія канкрэтна — мусіць вызначыць урад.