Тылерсан адзначыў, што будаўніцтва газаправоду нясе рызыкі для энэргетычнай бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе. У сваю чаргу Маравецкі заўважыў, што Варшава прытрымліваецца падобнага з Вашынгтонам меркаваньня і лічыць будаўніцтва газаправоду інструмэнтам палітычнага ціску.
Напярэдадні супраць будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» выступіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Аднак, па словах польскага прэзыдэнта, Варшава працуе над дывэрсыфікацыяй крыніц энэргіі і дамагаецца лепшых умоваў паставак расейскага газу.
«Паўночны паток — 2» — трубаправод, па якім расейскі газ непасрэдна ў Нямеччыну і Заходнюю Эўропу будзе паступаць па дне Балтыйскага мора, а не праз Польшчу і Ўкраіну. Адзіным акцыянэрам праекту зьяўляецца «Газпром». Кошт будаўніцтва газаправоду складае 9,5 мільярдаў даляраў.