У Жлобіне вярнулі на выбары самую маладую кандыдатку ў мясцовы савет

Жлобінскі райвыканкам, дзе месьціцца раённая выбарчая камісія

Жлобінская раённая выбарчая камісія тыдзень таму адмовіла актывістцы «Гавары праўду» Галіне Пашкоўскай у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты райсавету ў Камсамольскай выбарчай акрузе № 9.

Ёй сказалі, што ледзь не палова ўзятых на праверку подпісаў несапраўдныя, дэклярацыя не адпавядае рэчаіснасьці, а пасада пазначана недакладна.

Тады Галіна Пашкоўская пайшла да выбарцаў, чые подпісы камісія прызнала несапраўднымі, другі раз.

«Я папрасіла ў іх расьпіскі, каб яны пацьвердзілі, што самі ставілі і дату, і подпіс за маё вылучэньне кандыдатам».

26 студзеня абласная выбарчая камісія разгледзела апэляцыю і зарэгістравала Галіну Пашкоўскую кандыдатам у дэпутаты.

Паводле кандыдаткі, у яе склалася ўражаньне, што жлобінская камісія падыгрывала афіцыйнаму кандыдату — наўмысна зьняла яе з выбараў, каб у акрузе не было канкурэнцыі.

«Выбарцы мне казалі, што ў іх камісія подпісы ня спраўджвала. У дэклярацыі пра даходы я не ўпісала паштовы перавод, але ён не перавышаў устаноўленай заканадаўствам магчымай хібнасьці. Таксама Выбарчы кодэкс патрабуе ад кандыдата пазначаць род занятку, а не пасаду».

Перакладчыцы Галіне Пашкоўскай 24 гады. Сярод 55 кандыдатаў у дэпутаты Жлобінскага раённага савету яна самая маладая.

Падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў яна далучылася да кампаніі «Гавары праўду», бо сымпатызавала лідэрцы руху Тацяне Караткевіч.

Сёлета вырашыла паўдзельнічаць у выбарах сама.