7 тэзісаў Папы Францішка па барацьбе з фэйкамі

Пра небясьпеку фэйкаў кажуць палітыкі, грамадзкія арганізацыі, дзеячы культуры і навукі. У розных краінах сьвету ўрады ствараюць арганізацыі па барацьбе з хлусьнёй. У ЭЗ, напрыклад, за гэта адказвае сайт euvsdisinfo.eu для выкрыцьця расейскай дэзінфармацыі.

З нагоды Сусьветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які адзначаецца 24 студзеня, Папа Рымскі Францішак апублікаваў пасланьне да журналістаў.

Свабода сабрала некаторыя тэзісы з дакумэнту пантыфіка.


Фэйкі грунтуюцца на стэрэатыпах


Фэйкі гучаць як вартыя даверу, яны хітрыя, здольныя прыцягнуць увагу адрасатаў. Яны грунтуюцца на стэрэатыпах і забабонах, выкарыстоўваюць эмоцыі, якія можна хутка разбудзіць: страх, пагарду, гнеў і расчараваньне.


Фэйкам спрыяюць сацыяльныя сеткі


Яны могуць разьлічваць на маніпулятыўнае выкарыстаньне сацыяльных сетак. Нягледзячы на тое, што фэйкі фальшывыя, яны атрымліваюць такую папулярнасьць, што нават іх відавочнае абвяржэньне ледзь здольнае зьменшыць шкоду, якую яны ўчыняюць.


Фэйкі распаўсюджваюць невуцтва і нянавісьць


Драма дэзінфармацыі палягае на дыскрэдытацыі другога чалавека, прадстаўленьні яго як ворага, ажно да дэманізацыі, якая можа распальваць канфлікты. Фэйкі трапляюць на неталерантныя і звышадчувальныя ўстаноўкі. Вынікам гэтага становіцца распаўсюд невуцтва і нянавісьці.


Пра аўтара першага фэйку


Прафіляктыка і выяўленьне мэханізмаў дэзінфармацыі патрабуе глыбокага і стараннага разуменьня. Трэба выкрыць тое, што называецца «лёгікай зьмяі», якая здольная кусаць і маскіраваць усё, дзе заўгодна. Аўтарам першага фэйку была зьмяя з кнігі Быцьця. Яна прывяла да трагічных наступстваў граху, вынікам якога стала першае братазабойства.


Распальваюць у чалавеку ненасытную прагнасьць


Стратэгіяй «бацькі хлусьні» зьяўляецца небясьпечная спакуса, якая знаходзіць шлях да сэрца чалавека ілжывымі і спакусьлівымі аргумэнтамі. Фэйкі часта становяцца віруснымі не празь лёгіку «шэраў» у сацыяльных сетках, а празь іх падтрымку ненасытнай прагнасьці, якая лёгка распальваецца ў чалавеку. Карані дэзінфармацыі ў празе да ўлады, валоданьні і выкарыстаньні жыцьця.


Пра антыдот на вірус хлусьні


Самы радыкальны антыдот на вірус хлусьні — гэта ачышчэньне праўдай. Каб распазнаць праўду, трэба думаць пра тое, што падтрымлівае і прасоўвае адзінства, тое, што вядзе да ізаляцыі, падзелу і супрацьпастаўленьня адных другім. Мы ніколі не павінны спыняць пошук праўды, бо хлусьня можа пракрасьціся заўсёды, нават калі мы кажам сапраўдныя рэчы.

Найлепшы антыдот супраць фэйкаў — не стратэгіі, а людзі. Асобы, вольныя ад прагнасьці, якія гатовыя выслухаць, і праз дыялёг дазваляюць праўдзе выйсьці на сьвет.


Пра місію журналіста


Журналіст у сучасным сьвеце выконвае ня толькі працу, а сапраўдную місію. У шаленстве навінаў і віры гарачых тэмаў яго задача нагадваць, што ў цэнтры навінаў ня хуткасьць у яе перадачы або ўплыў на спажыўца, а людзі.

Інфармаваньне — гэта выхаваньне, яно зьвязанае з жыцьцём людзей. Правільнасьць крыніц і дбаньне пра камунікацыю — гэта сапраўдныя працэсы разьвіцьця дабра, якія нараджаюць давер і адкрываюць шлях да адзінства і міру.

Я хачу заахвоціць разьвіваць журналістыку міру. Журналістыку без прытворства, варожай хлусьні, споклічаў для эфэкту і дэманстратыўных дэклярацыяў. Журналістыку, як службу усім людзям, асабліва тым, якіх на сьвеце большасьць, у якіх няма голасу. Журналістыку, якая б шукала сапраўдныя прычыны канфліктаў, каб зразумець іх глыбей. Журналістыку, якая заангажаваная ў альтэрнатыўным вырашэньні эскаляцыі ляманту і слоўнага насільля," — гаворыцца ў пасланьні Папы Францішка.

24 студзеня касьцёл ўспамінае сьвятога Францішка Сальскага. У 1923 г. папа Пій ХІ абвясьціў яго апекуном пісьменьнікаў, рэдактараў, журналістаў і каталіцкай прэсы.