Сапраўдны культурны герой Адраджэньня знайшоў сваю Беларусь

Я не баюся назваць Міхала Анемпадыстава, які так рана і нечакана пакінуў нас, сапраўдным культурным героем найноўшага беларускага Адраджэньня.

Зрэшты, так я думаў і пры ягоным жыцьці. Міхал — чалавек, асоба, творца, які ўжо даўно быў ня толькі для мяне адным з найбольшых аўтарытэтаў.

Ствараючы знакавыя творы новай эпохі, ён, я так лічу, і сам стаў адным са знакаў, вобразаў нашага пакаленьня інтэлектуалаў-адраджэнцаў. Міхал быў і застанецца найлепшым увасабленьнем высокадухоўнага, культурнага, інтэлектуальнага, сучаснага беларуса. Беларуса, павязанага самымі тонкімі ніткамі з нацыянальнай традыцыяй і сучаснай эўрапейскай культурай.

Анемпадыстаў — з плеяды тых, хто адразу шчыра і глыбока зразумеў сваё месца, сваю місію ў пабудове новай культуры новай Беларусі.

Анемпадыстаў — з плеяды тых, хто адразу шчыра і глыбока зразумеў сваё месца, сваю місію ў пабудове новай культуры новай Беларусі. Ужо пры першых павевах ветру пераменаў, паху свабоды і нават напярэдадні іх Міхал актыўна ўдзельнічаў у тым, што звычайна называюць сухімі словамі «нацыянальна-культурнае будаўніцтва». Ён стаў адным зь лідэраў гэтага працэсу.

Мастак-графік, плякатыст, ілюстратар, дызайнэр, паэт, перакладчык, публіцыст, культуроляг, мастацтвазнаўца... Ва ўсіх відах творчасьці ён мае найцікавейшыя, годныя здабыткі. І ўсе ягоныя творы адзначаныя філязофскім, мастацкім пошукам Беларусі — яе колераў, вобразаў, знакаў, сымбаляў, алегорый, мэтафараў. Яе культурнай адметнасьці. І ён знайшоў, а мо нават і стварыў сваю Беларусь.

Толькі шчыры, толькі глыбокі, толькі высокаадукаваны і духоўны чалавек, натуральна, шчодра надзелены талентам, мог знайсьці, стварыць яе. Толькі неардынарным талентам мастака, балючым сэрцам і сапраўдным інтэлектам мог быць напісаны плякат «Bielarus», на якім з далоні выліваецца чырвона-белая стужка крыві.

Толькі тонкі паэт, надзелены і талентам, і душою, і разуменьнем рытмаў часу мог скласьці «Народны альбом» — простымі словамі пра простыя рэчы. І гэтыя ягоныя простыя песьні засьпявала ўся новая Беларусь.

Толькі чалавек, які выдатна ведаў гісторыю тэатру, мог стварыць такі кранальна-гарэзьлівы плякат да легендарнага спэктакля купалаўцаў «Паўлінка».

Толькі сапраўдны прафэсіянал-культуроляг мог напісаць такой глыбіні і філязафічнасьці кнігу, як «Колер Беларусі» — значны ўнёсак у сучасныя мастацтвазнаўства і культуралёгію. Прэзэнтацыю ж кнігі аўтар ператварыў у дабрачынную акцыю дапамогі журналістцы, літаратару Дашы Ліс у зборы сродкаў на інвалідны вазок. Гэта мог зрабіць толькі чалавек з добрым сэрцам, чуйнай да чужых бедаў душой.

Такім Міхал і быў.

Мне пашчасьціла нямала папрацаваць разам зь Міхалам. Мы зрабілі зь ім некалькі перадачаў на Радыё Свабода. І мы плённа супрацоўнічалі ў тэлевізійнай дакумэнталістыцы. Міхал Анемпадыстаў стварыў графіку да лепшых маіх дакумэнтальных цыкляў на тэлеканале «Белсат».

Праца зь Міхалам была творчая і надзіва лёгкая. Ён разумеў аўтарскую задуму з паўслова, паўфразы і тут жа прапаноўваў вобраз, які далей разьвіваў.

Праца зь Міхалам была творчая і надзіва лёгкая. Ён разумеў аўтарскую задуму з паўслова, паўфразы і тут жа прапаноўваў вобраз, які далей разьвіваў. У фільмах пра змагарныя 1990-я гады цыклю «Сьведкі» на кантрасьце з драматычнымі падзеямі ў якасьці мастацкага вобразу Міхал прапанаваў іранічны малінавы пінжак, а пачатак 2000-х гадоў мы зь ім убачылі праз закратаванае акенца турэмных муроў. У цыкле «Пераемнікі» цэнтральным вобразам стала школьная дошка з аўтографамі вялікіх беларусаў, на якую ў фінале праграмы ставілі свае аўтографы і нашы маладыя героі. З гэтага вобразу паўстаў і драматургічны ход.

Літаральна напярэдадні сёлетніх Калядаў мы завяршылі працу над новым дзесяцісэрыйным цыклем «Даты праўды», прысьвечаным 100-годзьдзю БНР. Але гэтых праграмаў у эфіры любімага ім «Белсату» Міхал ужо не пабачыць. Прэм’ера заплянаваная на сьветлы Дзень Волі, які заўсёды і для Міхала быў вельмі дарагі.

Гэтая праца, як і мінулыя, застанецца, на шчасьце, у архівах і ў памяці гледачоў. А вось наступную задуму разам мы ўжо ня зробім. Цяжка гэта ўсьвядоміць. Цяжка зразумець, што больш не пабачымся, не пачуемся, не папрацуем разам...

Спакою табе на нябёсах, дарагі Міхал. Гэтага ты заслужыў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.